БЕЛ Ł РУС

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан

3.05.2025 / 9:42

Nashaniva.com

Тлумачым логіку працэсу.

Арцём Брухан

13 мая павінны адбыцца выбары спікера Каардынацыйнай рады. У адсутнасць зніклай Анжалікі Мельнікавай яе абавязкі часова выконвае віцэ-спікерка Стася Гліннік.

Аднак протапарламент урэшце ўзначаліць не яна. І гаворка не толькі пра тое, што Гліннік сама дэкларуе, што не будзе прэтэндаваць на пасаду. Калі б яна і хацела стаць спікеркай, у яе гэта наўрад ці б атрымалася.

Гліннік прадстаўляе «Еўрапейскі выбар» — фракцыю паплечнікаў Святланы Ціханоўскай. Яе асноўная пасада — асістэнтка Святланы Ціханоўскай.

А найбольшую колькасць галасоў у Каардынацыйнай радзе мае кааліцыя Паўла Латушкі і руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча. Па сутнасці менавіта Латушка вызначае, хто будзе спікерам Каардынацыйнай рады — фармальна трэцяй асобай у апазіцыі. І для яго няма ніякай патрэбы, каб протапарламент узначальвала асістэнтка Ціханоўскай. Навошта, калі ёсць уласныя памочнікі?

Раней пачэснае месца займала Анжаліка Мельнікава — яна мела толькі пятае месца ў выбарчым спісе Латушкі, аднак у выніку была безальтэрнатыўна намінаваная на пазіцыю спікеркі.

Цяпер механізм выбару старшыні будзе падобным — Латушка прапануе кандыдатуру са сваёй каманды.

Паводле інфармацыі крыніц «Нашай Нівы», хутчэй за ўсё, гэта будзе Арцём Брухан. Ён намеснік Латушкі ў Народным антыкрызісным упраўленні і намеснік прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады.

Арцём Брухан — выпускнік гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па размеркаванні трапіў у мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» (2012-2017), працаваў там старшым навуковым супрацоўнікам. Пасля перайшоў у Брэсцкі аблвыканкам (2017-2020). Там ён каардынаваў дзейнасць арганізацый культуры, дарос да пасады намесніка начальніка аддзела.

У 2020 годзе Арцём Брухан падтрымаў пратэсты і перайшоў на бок народа.

Чытайце архіўную гутарку з Арцёмам Бруханам: Былы чыноўнік расказаў, як працаваў у выканкаме, не паехаў на мітынг за Лукашэнку і за што хацеў бы выбачыцца

Нягледзячы на тое, што ў выбарчым спісе Брухан меў толькі №11, Латушка цалкам давярае яму, цэніць прафесіяналізм і прадстаўнічыя навыкі. Выглядае, што на пасадзе спікера Каардынацыйнай рады Латушка хацеў бы бачыць не прафесійнага палітыка, а адказнага функцыянера. Гэтым патрабаванням адпавядала Мельнікава, адпавядае і Брухан.

Топ-персоны, якія знаходзіліся ў выбарчым спісе Латушкі вышэй за былога брэсцкага чыноўніка, маюць свае недахопы. Юрась Губарэвіч — сам амбітны палітык, у яго могуць быць і ўласныя інтарэсы. Былы дыпламат Уладзімір Астапенка — камандны чалавек, але не настолькі ініцыятыўны, дый яму можа быць нецікава займацца такой арганізацыйнай працай. Астатнія, у тым ліку Андрэй Курэйчык, які ўвогуле знаходзіцца ў ЗША, у меншай ступені ўцягнутыя ў палітычную дзейнасць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула