БЕЛ Ł РУС

Хто каго прапускаў? Канфлікт кіроўцаў на Прытыцкага прывёў да бойкі — і да крымінальнай справы

3.05.2025 / 14:10

Nashaniva.com

Прычынай стаў дарожны інцыдэнт у Мінску. 37-гадовы жыхар Мінскага раёна на сваім Peugeot 406 выязджаў з другаснай дарогі на галоўную, па якой рухаўся шчыльны паток машын. Яму падалося, што мужчына за рулём Citroën яго прапускае, і ён улез перад ім.

Калі абвінавачаны спыніўся на паркоўцы каля аднаго з гандлёвых цэнтраў на вуліцы Прытыцкага, да яго аўтамабіля падышоў кіроўца таго самага Citroën і ўдарыў кулаком па шкле. Жыхар Мінскага раёна выйшаў з салона і нанёс два ўдары незнаёмцу ў шчаку, ад якіх той упаў на асфальт.

Між мужчынамі пачалася барацьба, падчас якой кіроўца Peugeot некалькі разоў ударыў апанента па галаве. У канфлікт умяшаліся відавочцы, пасля чаго фігурант сеў у свой аўтамабіль і з'ехаў.

Пацярпелы выклікаў міліцыю і хуткую. Асобу падазраванага ўстанавілі, завялі крымінальную справу.

«Абвінавачаны з'яўляецца дырэктарам прыватнай кампаніі, судзімасцяў не мае, — пракаментаваў намеснік пракурора Фрунзенскага раёна Андрэй Сербун. — Яму прад'яўлена абвінавачанне ў наўмысным прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Віну грамадзянін прызнаў».

Мужчыну адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Цяпер яго будуць судзіць. Яму пагражае ад штрафу да трох гадоў калоніі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула