Выкладчыку БДУ запрасілі ў Азербайджане 19 гадоў зняволення
Талышскі даследчык Ігбал Абілаў — стрыечны брат вядомага беларускага коміка Ідрака Мірзалізадэ — абвіначваецца па палітычных крымінальных артыкулах.
Ігбал Абілаў. Фота: kavkaz-uzel.eu
У Азербайджане пракурор запатрабаваў прысудзіць талышскаму даследчыку Ігбалу Абілаву 19 гадоў зняволення, паведамляе «Каўказскі вузел».
36-гадовы навуковец з ранняга дзяцінства жыў у Беларусі. Ігбал Абілаў скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, магістратуру і аспірантуру. Сем гадоў выкладаў у БДУ і Беларускім інстытуце правазнаўства. Мае публікацыі ў галіне гісторыі і этнаграфіі Паўднёвага Каўказа, Турцыі і Ірана.
Ён з'яўляецца галоўным рэдактарам «Весніка Талышскай нацыянальнай акадэміі» — міжнароднага навуковага часопіса, прысвечанага навуковаму вывучэнню народнасці талышаў.
Таксама Абілаў — стрыечны брат вядомага беларускага коміка Ідрака Мірзалізадэ.
Абілава арыштавалі ў ліпені 2024 года. Абілаў тады прыехаў у Азербайджан на вяселле свайго кузена. Пасля допыту яго адпусцілі, але ўрэшце не дазволілі сесці ў самалёт, калі ён спрабаваў вылецець з Баку ў Мінск.
Ігбала падазравалі па артыкулах 274 (дзяржаўная здрада), 281.3 (публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы, учыненыя па заданні замежных арганізацый або іх прадстаўнікоў) і 283.1 (распальванне нацыянальнай, расавай, сацыяльнай або рэлігійнай нянавісці і варожасці) Крымінальнага кодэкса Азербайджана.
Праваабаронцы лічаць абвіначванне ў яго бок палітычным. Сапраўдная прычына яго пераследу — даследаванне розных нацыянальных меншасцяў, уключаючы талышаў Азербайджана.