Z-палітолаг Лазуткін кінуў Z-журналістку Шыбкоўскую
Пара была разам дзясятак гадоў. Дыяна Шыбкоўская намякае на боскі суд за здраду і спрабуе выклікаць рэўнасць.
Фота тут і далей: сацсеткі Шыбкоўскай
Гэта былі адносіны, поўныя ідэйнай блізкасці. 32-гадовы Андрэй Лазуткін — апантаны палітолаг-камуніст. 44-гадовая Дыяна Шыбкоўская — аўтарка «Мінскай праўды», рупара радыкальнай прапаганды, і чалавек з кола «Рассупрацоўніцтва». Разам яны з сярэдзіны 2010-х. Дзяцей у іх не было, але ў Шыбкоўскай ёсць дачка ад першага шлюбу.
Лазуткін, бескампрамісны лаяліст, быў пратэжэ Ігара Карпенкі, тады — міністра адукацыі, а цяпер старшыні святая святых ЦВК. Карпенка ўладкаваў Лазуткіна на працу ў міністэрства.
Пара выстаўляла свае адносіны напаказ: вось мы гуляем па Расіі, вось мы разам лаем змагароў, вось мы разам хвалім Расію — адным словам, жывём. Але з вясны 2025-га нешта пайшло не так.
12 сакавіка 2025 года ў фэйсбуку Шыбкоўскай з'явілася фота плаката «Абдымі, калі закаханы неўзаемна» — і разбітае сэрца. Яна сама зрабіла яго на працы.
Праз дзевяць дзён у сацыяльных сетках жанчыны з'явілася прызнанне: «Хочацца лёгкасці, цеплыні, закахацца і страціць галаву!» — напісала Шыбкоўская.
26 сакавіка Z-аўтарка размясціла апісанне пакут па Дантэ для здраднікаў: яны ўмерзлі ў лёд па шыю тварам уніз. Можна здагадацца, каму адрасавалася гэтае пасланне.
Яшчэ праз чатыры дні Дыяна намякнула, што пра яе папаўзлі непраўдзівыя чуткі: «Калі чалавеку не хапае сталасці змірыцца з тым фактам, што ён зрабіў з вамі няправільна, то ён стварае пра вас выдуманую гісторыю, каб не адчуваць сябе вінаватым».
У пачатку красавіка Дыяна размясціла здымак у чырвонай сукенцы з подпісам: «Супакойцеся, я не фліртую, я заўсёды так размаўляю». Прыкладна ў гэты дзень, дарэчы, яна магла бачыць жыўцом сваё былое каханне — яны разам запісвалі перадачу для «Мінскай праўды».
«Табе не будзе вечна 17 і тваё вечнае каханне скончыцца таксама», — напісала ў чарговым допісе прапагандыстка, праілюстраваўшы выраз цытатай Чарльза Букоўскі пра тое, што можна было б кахаць дзесяць тысяч людзей, калі б толькі іх ведаць.
На пачатку мая Шыбкоўская вычысціла з тэлефона фота з былым. Але ці ўдалося выкрасліць з памяці?
«Толькі прырода і жывёлы — гэта адзінае сапраўднае ў гэтым свеце, без масак, хлусні, чалавечай дурасці, крывадушша і рознага роду здрады. Яны проста жывуць па сваіх інстынктах і жывёльных законах, часам даволі жорсткіх, і ў гэтым вялізная шчырасць. Адна з якасцяў, якую найбольш цаню», — пісала Шыбкоўская.