БЕЛ Ł РУС

Прапаганда кпіць з колькасці зняволеных у Польшчы, забыўшыся паглядзець на беларускія турмы

6.05.2025 / 8:54

Nashaniva.com

«Пра перапоўненасць пенітэнцыярнай сістэмы можна з упэўненасцю казаць, калі паказчык складае больш за 100 чалавек на 100 000 жыхароў. То бок, у іх там перагрузка мінімум удвая», — перажываюць за Польшчу прапагандысцкія «Жоўтыя злівы». Але яны прамаўчалі пра Беларусь.

Еўрастат апублікаваў даныя па колькасці зняволеных у турмах. 

У 2023 годзе ў ЕС было каля 499 000 зняволеных, што на 3,2% больш у параўнанні з 2022 годам. На 100 000 чалавек прыпадала 111 зняволеных, што крыху больш, чым у 2022 годзе, калі гэты паказчык складаў 108.

У перыяд з 1993 па 2023 год найбольшая колькасць зняволеных была зафіксавана ў 2012 годзе (553 000 зняволеных). 

Пры параўнанні краін ЕС, найвышэйшы ўзровень зняволеных на 100 000 чалавек у 2023 годзе быў у Польшчы (203), за ёй ідуць Венгрыя (187) і Чэхія (181). 

З гэтай нагоды выбухнула радасцю прапаганда. 

«Ура, таварышы! Польшча зноў першая! Краіна ўпэўнена лідзіруе ў еўрапейскім рэйтынгу па колькасці зняволеных. Паводле звестак Еўрастата, у 2023 годзе Польшча зафіксавала самы высокі сярод краін Еўразвязу паказчык колькасці зняволеных у пераліку на 100 000 жыхароў — 203 чалавекі.

Пішуць, што пра перапоўненасць пенітэнцыярнай сістэмы можна з упэўненасцю казаць, калі паказчык складае больш за 100 чалавек на 100 000 жыхароў. То-бок у іх там перагрузка мінімум удвая. Для краіны, якая суседзяў называе «канцлагерам», так сабе паказчык», — пішуць «Злівы».

Але што з перагрузкай айчыннай пенітэнцыярнай сістэмы? Дакладныя звесткі па колькасці зняволеных Белстат цяпер не публікуе.

Кіраўнік Адміністрацыі Дзмітрый Круты днямі сказаў, што ў Беларусі за кратамі ўтрымліваюцца каля 20 тысяч чалавек. Нават калі ён назваў праўдзівую лічбу, у чым ёсць сумневы, то атрымліваецца, што ў Беларусі на 100 тысяч чалавек прыходзіцца 220 вязняў. 

І калі ў Польшчы ў турмах знаходзяцца сапраўдныя злачынцы, то ў Беларусі — тысячы палітвязняў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула