БЕЛ Ł РУС

Польшча абвінаваціла Расію ў беспрэцэдэнтным ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары

6.05.2025 / 13:40

Nashaniva.com

Міністр лічбавых спраў Польшчы заявіў, што Польшча сутыкаецца з беспрэцэдэнтнай спробай умяшання з боку Расіі ў выбарчы працэс. Заява прагучала напярэдадні першага тура прэзідэнцкіх выбараў, які пройдзе 18 траўня.

Палякі танчаць паланэз на свяце, прысвечаны 1000-годдзю каранацыі першага польскага караля, 12 красавіка 2025 года, у Варшаве. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski

Польшча заяўляе, што яе роля як цэнтра дапамогі Украіне зрабіла яе ключавой мішэнню для расійскіх сабатажаў, кібератак і дэзынфармацыі, і Варшава знаходзіцца ў стане падвышанай гатоўнасці да ўмяшання, асабліва пасля таго, як Румынія адмяніла прэзідэнцкія выбары ў снежні з-за абвінавачванняў ва ўмяшанні Расіі.

«Падчас цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы мы назіраем беспрэцэдэнтную спробу ўмяшання ў выбарчы працэс з расійскага боку», — заявіў Кшыштаф Гаўкоўскі, міністр лічбавых спраў, піша Reuters.

Ён растлумачыў, што гаворка ідзе пра распаўсюд дэзынфармацыі, якая спалучаецца з гібрыднымі атакамі на крытычную інфраструктуру краіны, каб «паралізаваць нармальнае функцыянаванне дзяржавы».

Паводле Гаўкоўскага, атакі накіраваны на водазабеспячальныя і каналізацыйныя прадпрыемствы, цеплавыя і электрастанцыі, дзяржаўныя ўстановы.

Ён таксама адзначыў, што ўзровень расійскай кіберактыўнасці ў Польшчы больш чым у два разы перавысіў леташнія паказчыкі.

«Падчас кожнай хвіліны маёй прамовы ў Польшчы фіксуюцца дзясяткі інцыдэнтаў, скіраваных на крытычную інфраструктуру», — падкрэсліў міністр.

У сакавіку Варшава паведаміла пра кібератаку на Польскае касмічнае агенцтва. У 2024 годзе Польшча заяўляла, што дзяржаўнае інфармагенцтва пацярпела ад магчымага расійскага ўзлому. 

Варшава і яе саюзнікі таксама сцвярджаюць, што Масква стаіць за падпаламі і дыверсіямі па ўсёй Еўропе. Расія адхіляе гэтыя сцвярджэнні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула