БЕЛ Ł РУС

Улады адправяць у крамы насенную бульбу, каб справіцца з дэфіцытам

6.05.2025 / 14:42

Nashaniva.com

Мінсельгасхарч і МАРГ правялі нараду па праблеме бульбы. Чыноўнікі кажуць, што сітуацыя пад кантролем, але гандлю ўсё роўна аддадуць частку насеннай бульбы.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юры Горлаў правёў нараду па пытаннях забеспячэння ўнутранага рынку бульбай і гароднінай. У нарадзе бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, кіраўнікі гандлёвых сетак, а таксама камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.

Паводле даных МАРТ патрэба гандлёвых сетак у бульбе складае 2,1 тысячы тон. Каб задаволіць попыт, у крамы адправяць рэшткі стабілізацыйных фондаў і лішкі насеннай бульбы «прадуктовай каліброўкі».

Пры гэтым вобласці паабяцалі адгрузіць 2,4 тысячы тон бульбы для задавальнення попыту. Для аператыўнага вырашэння пытанняў арганізавана ўзаемадзеянне гандлёвых сетак з рэгіёнамі.

Чыноўнікі сцвярджаюць, што праблемы з бульбай узніклі з-за павялічанага попыту. Паводле разлікаў МАРГ, павінна было хапіць 48 тысяч тон, якія і былі закладзены ў стабфонды. За зіму-вясну ў гандлёвыя сеткі паставілі 78,3 тысячы тон, гэта значыць 153% ад разлічанай патрэбы. У стабфондах застаецца 5,9 тысячы тон бульбы.

Каб пазбегнуць дэфіцыту наступнай вясной, аблвыканкамы вырашылі павялічыць плошчы яе пасадкі пад ўраджай 2025 года на 3 тысячы гектараў — да 19,7 тысячы.

Горлаў даручыў, каб «паліцы крамаў былі запоўненыя прадукцыяй у аб’ёме, дастатковым для поўнага задавальнення спажывецкага попыту».

У гэтым годзе беларусы актыўна скардзяцца на праблемы з бульбай у крамах. Яе альбо няма, альбо яна надзвычай нізкай якасці. У той жа час мытая бульба прадаецца, часам, па завышаных цэнах.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула