БЕЛ Ł РУС

У Мінску гатовыя плаціць 2000 рублёў у месяц за паяданне піцы

7.05.2025 / 8:37

Nashaniva.com

Сетка піцэрый «Піца Лісіца» шукае чалавека, які будзе атрымліваць грошы за тое, каб каштаваць піцу. Новая вакансія гучыць як мара аматара фастфуду — дэгустатар піцы, або, як яго называюць у кампаніі, піца-самелье, звярнуў увагу Onliner.by.

У абавязкі ўваходзіць дэгустацыя «шэдэўраў і не толькі», ацэнка смаку, выгляду і падачы, сістэматызацыя ўражанняў і нават паездкі па горадзе ў пошуках лепшых варыянтаў. Працадаўца абяцае, што сапраўды «заплаціць за ваша задавальненне».

Кандыдату трэба ўмець адрозніваць «смачна» ад «смачна да слёз», любіць фастфуд, быць назіральным, сістэмным і з пачуццём прыгожага.

Графік — пяцідзёнка з 10:00 да 18:00. Зарплата — ад 1970 да 2320 рублёў (да выліку падаткаў), плюс зніжкі на піцу да 50% і безлімітны абанемент у трэнажорную залу.

«Мы ведаем, што табе будзе цяжка, таму дорым табе «анлім» у залу», — гаворыцца ў апісанні вакансіі.

Мы звярнуліся ў кампанію «Піца Лісіца», каб даведацца, ці паспелі яны закрыць вакансію, ці яшчэ можна паспрабаваць патрапіць на гэтую пасаду.

— Што датычыцца нашай цікавай вакансіі: пошук кандыдатаў на гэтую пасаду мы пачалі зусім нядаўна — гэта свежая вакансія, набор адкрыты, і цяпер мы знаходзімся на самым пачатку пошуку і адбору кандыдатаў. Адгукаў шмат, пакуль затрымліваемся з адказамі праз наплыў кандыдатаў.

Што чакае кандыдата, які пройдзе ўсе этапы адбору: трэба будзе прадэгуставаць усе піцы ў горадзе Мінску і даць ім сваю ацэнку, а далей, калі эксперымент сябе апраўдае, будзем дэгуставаць піцы па ўсёй краіне і даваць ім параўнальную ацэнку, — распавяла Юлія, HR-дырэктар.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула