БЕЛ Ł РУС

У калоніях пачалі прымусова спісваць усе грошы з асабістых рахункаў асуджаных

7.05.2025 / 16:20

Nashaniva.com

Праваабарончы рэсурс Mayday team атрымаў некалькі сведчанняў з розных калоній, што з рахункаў асуджаных там сталі здымаць амаль усе наяўныя грошы. Часам размова ідзе пра сотні даляраў у эквіваленце. Прычына — органы прымусовага выканання (ОПІ) пачалі накіроўваць у калоніі прадпісанні на безумоўнае спагнанне сродкаў.

Змены ў заканадаўстве былі прынятыя яшчэ 15 ліпеня 2021 года. Менавіта тады з артыкула 108 Працоўнага кодэкса, які рэгулюе абмежаванні на ўтрыманні з заработнай платы, была цалкам выключаная норма, якая абмяжоўвала памер прымусовых утрыманняў на пакрыццё шкоды, прычыненай злачынствам.

Да нядаўняга часу грошы з рахункаў асуджаных на выплату штрафаў і пазоваў спісваліся толькі з іх згоды — яны пісалі заяву, у якой пазначалі, які працэнт можна здымаць пасля з’яўлення сродкаў на рахунку.

Аднак цяпер у калоніі пачалі паступаць прадпісанні ад ОПІ, якія патрабуюць безумоўнага спісання ўсёй сумы, незалежна ад жадання асуджанага. Кіраўніцтва калоній тлумачыць, што ўсе сродкі, якія паступаюць на рахунак, будуць аўтаматычна здымацца, пакуль не будзе поўнасцю пагашаны штраф або пазоў.

Варта адзначыць, што грошы ад сваякоў не з’яўляюцца заработнай платай, таму падлягаюць поўнаму спагнанню. Таму пасля з'яўляння новай практыкі сваякі асуджаных проста баяцца перасылаць ім грошы.

Асуджаныя могуць выкарыстоўваць толькі ад 30% да 50% свайго заробку, які яны атрымліваюць у прамысловай зоне калоніі. Але пасля ўсіх утрыманняў звычайна ім застаецца ўсяго каля 10 рублёў. 

Чытайце таксама:

Па БТ паказалі інтэрв'ю з чарговым зняволеным палякам — Ежы Жывалеўскім

Ваяваць за Расію пайшоў былы палітвязень з Гомеля. У Беларусі ён у спісе «тэрарыстаў»

Супраць 78-гадовай Ніны Багінскай завялі крымінальную справу

Каментары да артыкула