Ці можна цяпер трапіць на экскурсію ў беларускую зону адчужэння?
Ва Украіне ўжо трэці год ідзе поўнамаштабная вайна. Зразумела, што ў такой сітуацыі далёка не кожны замежнік можа трапіць ва ўкраінскую частку Чарнобыльскай зоны. А што наконт беларускай часткі?
Такое пытанне абмяркоўваюць замежнікі на турыстычным сайце Tripadvisor. Беларуская зона адчужэння мяжуе з Украінай, і гэта яшчэ адна нагода засумнявацца: калі такія туры існуюць, наколькі яны бяспечныя?
Аказваецца, такія паездкі дагэтуль ёсць — і больш за тое, яны вельмі папулярныя. Іх ладзіць некалькі беларускіх кампаній, сярэдні кошт складае прыкладна 150-170 рублёў за паездку, але можна знайсці і тур за 260 рублёў. Праграма ўсіх тураў падобная: можна пабачыць некалькі адселеных вёсак, амаль ва ўсіх турах таксама пакажуць музей Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Браніраваць дату трэба загадзя.
Але ці бяспечна гэта? Мы звязаліся як кліенты з некалькімі агенцтвамі — нас запэўнілі, што туры ў беларускую частку зоны цалкам бяспечныя. Адзінае, што загадзя вам аформяць пропуск у зону, але такое патрабаванне існавала і да поўнамаштабнай вайны.
Чытайце таксама:
Сёння дзень, які беларусам нельга, ні ў якім разе нельга забываць
Пасля аварыі на ЧАЭС кіраўнікоў БССР хацелі судзіць, а абараняў іх Лукашэнка