БЕЛ Ł РУС

Дырэктар сеткі дзяржаўных кінатэатраў расказаў, чаму прыватнікі забіраюць гледача

7.05.2025 / 21:39

Nashaniva.com

Генеральны дырэктар «Кінавідэапракату» Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі расказаў як дзяржаўныя кінатэатры канкуруюць з прыватнымі.

Ілюстрацыйны здымак: Vecteezy

Уладзімір Карачэўскі згадвае, што да 2012 года «Кінавідэапракат» быў манапалістам у Мінску. Усе кінатэатры, якія ўваходзілі ў яго структуру, адначасова маглі абслужыць каля 8 тысяч гледачоў. Аднак сітуацыя змянілася са з'яўленнем гандлёва-забаўляльных цэнтраў, дзе адкрыліся прыватныя кіназалы. Цяпер у Мінску іх 48, колькасць месцаў амаль параўнальная з дзяржаўнай сеткай, у якой цяпер 31 кіназал і 6750 месцаў.

«Месцы падвышанай камфортнасці, іншая праходнасць. Знаходзяцца ў гандлёвых цэнтрах. Таму яны забіраюць у нас гледача», — кажа пра прыватныя кінатэатры чыноўнік у інтэрв'ю БТ.

Як тлумачыць Карачэўскі, у адрозненні ад прыватніка, які толькі арандуе плошчы, бізнэс-мадэль дзяржаўнага кінатэатра значна даражэйшая:

«Калі браць па бізнэсу, то абслужыць адно арандаванае памяшканне, дзе ў цябе толькі чыстая квадратура, дзе не трэба адказваць ні за дах, ні за тэрыторыю, пэўную колькасць штата… У цябе крыху іншыя выдаткі, чым калі ў цябе асобны будынак, дзе сеткі, камунікацыі, камуналка, абслугоўванне тэрыторыі. Гэта нашмат даражэй усё абыходзіцца».

Уладзімір Карачэўскі. Скрын відэа: BelarusOneTV / YouTube

Папкорн і каньяк

Па словах Карачэўскага, як толькі ён узначаліў «Кінавідэапракат», пачаў вывучаць пытанне арганізацыі харчавання ў кінатэатрах.

«Мы перагледзелі шэраг пазіцый. У нас з'явілася і лінейка кактэйляў новых і лінейка напояў. Разглядаем, дзе якія напоі на якой тэрыторыі лепш размясціць. Напрыклад, у адных месцах добра ідуць хот-догі, у іншых месцах хот-догі нельга ставіць. У адных месцах трэба ставіць піва, і яно будзе добра спажывацца, у іншых трэба ставіць дарагое віно і каньякі. (…) З'явіліся ў нас кітайскія, індыйскія і іншыя азіяцкія фаст-фуды, і іншыя закускі, прыкускі і да таго падобнае.

У кінатэатры «Перамога» ў нас пачаў працаваць гарачы цэх, дзе мы частуем дранікамі, дзе ў нас ёсць і гарачыя стравы. І лінейка папкорна. Мы цяпер пачалі вырабляць сваю і напаўняем ужо сваім папкорнам кінатэатры».

У «Перамозе» таксама па прыкладзе прыватнікаў запрацавала гастразала. Аднак для такой паслугі, адзначае чыноўнік, кіназалы павінны быць прыстасаваныя. Таму яе не ўсюды можна рэалізаваць.

У мадэрнізаваным кінатэатра «Масква» стварылі каворкінг-прастору, абсталявалі месцы для зарадкі тэлефонаў.

«Таксама цяпер адкрыты вялікі бар. І акрамя таго плануецца яшчэ арганізацыя гандлёвых кропак на тэрыторыі кінатэатра», — адзначае Карачэўскі.

Істотныя змены адбыліся і ў кінатэатры «Перамога»:

«Кінатэатр стаў шматфункцыянальным. У гэтым кінатэатры паказваюць не толькі кіно, праводзяць мерапрыемствы, робяць прэзентацыі, праводзяць фуршэты, прэс-канферэнцыі, арганізоўваюць выставы, працуюць бары. (…)

З'явіліся залы на 12, 24, 48 месцаў, дзіцячыя залы. Робяць дзіцячыя святы. Людзі прыходзяць, спяваюць караоке, прыходзяць проста ў бар выпіць кубачак кавы ці келіх піва, ці чарку каньяку. Арганізоўваюцца выставы, праводзяцца фотасесіі. Таму прастора працуе», — расказвае Карачэўскі.

Па словах чыноўніка, дзяржаўныя кінатэатры імкнуцца развіваць дадатковыя паслугі, якія ў іншых краінах забяспечваюць ад 40 да 60 працэнтаў агульнага даходу кінатэатраў.

«Дзякуй богу, у нас недзе каля 40% займаюць дадатковыя паслугі. Усё астатняе — гэта кіно», — даводзіць чыноўнік.

«Мы займаемся яшчэ і ідэалогіяй»

Калі прыватныя кінатэатры паказваюць тое, на што ёсць попыт у гледачоў, то ў дзяржаўных іншая палітыка:

«У нас шырэйшы рэпертуар, у нас больш фестывальных фільмаў, у нас беларускае кіно прысутнічае. (…) Вы зразумейце, што ў нас жа функцыя не толькі камерцыйная. Мы з'яўляемся яшчэ ўстановай культуры, якая займаецца выхаваннем, адукацыяй, ідэалогіяй і іншымі важнымі рэчамі. Таму што ў нас жа праходзяць і сур'ёзныя прэм'еры фільмаў, важных, знакавых для нашай краіны. Тое, чаго не будзе рабіць прыватнік».

Адзначым, што ў дзяржаўных кінатэатрах цяпер прэзентуюць і некаторыя прапагандысцкія фільмы тэлеканалаў.

Што тычыцца рэпертуару, то па словах кіраўніка «Кінавідэапракату», яны спрабуюць паказваць індыйскія, турэцкія, паўднёвакарэйскія фільмы, фільмы Паўднёва-Усходняй Азіі, спрабуюць ладзіць паказы, прымеркаваныя да пэўнай падзеі.

Чытайце таксама:

Кінатэатр «Масква» адкрываецца пасля рэканструкцыі

Кінатэатр «Дом кіно» ў Мінску закрываецца. Будынак аддадуць БРСМ

У Мінску адкрыўся яшчэ адзін кінатэатр — за 20 метраў ад метро і з шэзлонгамі

Па ўсёй краіне круцяць фільм пра Аляксея Талая. Квіткі прадаюць за 1 рубель, але ці ёсць гледачы?

Каментары да артыкула