«15 медных шчытоў у гонар рэспублік СССР». Як выглядае кінатэатр «Масква» пасля рэканструкцыі ФОТА
Сталічны кінатэатр рамантавалі паўтара года. Знешні выгляд вырашылі не мяняць.
Тут і далей фота: «Мінск-Навіны»
У Мінску пасля рэканструкцыі адкрыўся кінатэатр «Масква». На адкрыцці сабралася значная група чыноўнікаў на чале з міністрам культуры і акцёрам Русланам Чарнецкім. Для іх на двары зладзілі пастаноўку ў савецкім стылі, з будаўнікамі, якія танчылі з цэглай.
Знешні выгляд кінатэатра амаль не змяніўся, фасад аднавілі практычна ў ранейшым выглядзе. Сам будынак аздобілі керамагранітам. Спецыяльна для кінатэатра профільнае мінскае прадпрыемства распрацавала новую калекцыю шырокафарматнай пліткі, якая імітуе прыродны мармур, пішуць «Мінск-Навіны».
Старое вітражнае шкленне заменена на энергаэфектыўнае мультымедыйнае, абнавілі ўсе свяцільні. Пры гэтым засталіся некранутымі 15 медных шчытоў над узроўнем другога паверха, якія сімвалізуюць рэспублікі СССР. Акрамя таго, замянілі дах, «перасабралі» дзве лесвіцы, узмацнілі некаторыя канструкцыі, дэмантавалі практычна ўсе ўнутраныя перагародкі і тэхналагічнае абсталяванне, усталявалі прыточныя выцяжныя камеры і сантэхніку.
Дзякуючы перапланіроўцы замест дзвюх залаў будуць працаваць чатыры: дзве на 47 i па адной на 670 і 215 месцаў. Залы забяспечылі найноўшымі праектарамі і гукавымі сістэмамі, здольнымі даваць высокую якасць выяўлення і гучання, а таксама зручнымі крэсламі. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўсталяваныя спецыяльныя пад'ёмнікі.
Першай карцінай, якую паказалі ў абноўленым кінатэатры, стала расійская вайскова-гістарычная драма «У спісах не значыўся».