У Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі дазволілі вернікам 9 мая не трымаць пятнічны пост
Каталіцкім вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дазволілі не прытрымлівацца паста ў пятніцу, 9 траўня, з нагоды дзяржаўнага свята Дня перамогі. Такое рашэнне прыняў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, піша Katolik.life.
Юзаф Станеўскі дае дыспенсацыю (вызваленне) ад абавязку ўстрымання ад спажывання мясных страў у гэты дзень, матывуючы рашэнне тым, што «святкаванне дзяржаўнага свята Дня перамогі мае вялікае значэнне для вернікаў».
Дазвол не прытрымлівацца абавязковага для хрысціян посту ў пятніцу з нагоды свецкіх святаў лічыцца рэдкасцю і нават нонсэнсам, адзначае Katolik.life. Мінулы раз мітрапаліт Станеўскі даваў такую дыспенсацыю на 8 сакавіка 2024 года, што выклікала рэзананс сярод вернікаў.
Біскупы іншых дыяцэзій тады не давалі такіх дазволаў сваім вернікам. Цяпер таксама пакуль не паведамляецца пра аналагічныя рашэнні ў трох іншых каталіцкіх дыяцэзіях Беларусі. Праваслаўным вернікам падобных вызваленняў таксама не давалі.
Паводле цяперашняга рашэння Юзафа Станеўскага, дыспенсацыя распаўсюджваецца таксама на ўсіх католікаў, якія ў гэты дзень будуць знаходзіцца на тэрыторыі архідыяцэзіі. Усіх, хто будзе карыстацца дазволам, арцыбіскуп заахвочвае да малітвы ў інтэнцыі ахвяраў войнаў і ўзброеных канфліктаў.
Чытайце таксама:
Ксяндза Акалатовіча перавялі ў калонію ў дзень святкавання Вялікадня
Такім мы яго яшчэ не бачылі: арцыбіскуп Кандрусевіч вырабіў крыж