БЕЛ Ł РУС

BMW, Siemens і іншыя нямецкія кампаніі павініліся за ўмацаванне ўлады Гітлера

8.05.2025 / 14:21

Nashaniva.com

Вялікі нямецкі бізнэс, у тым ліку Siemens, BMW Group, Hugo Boss і Adidas, выступіў з сумеснай заявай пра адказнасць нямецкіх кампаній за ўмацаванне ўлады нацыянал-сацыялістаў на чале з Адольфам Гітлерам у першай палове ХХ стагоддзя, піша Бі-бі-сі.

На фота, зробленым падчас Міжнароднага маршу жывых, якое праводзіцца ў Дзень памяці ахвяр Халакосту, дзясяткі памятных запісак раскіданыя на чыгуначных рэйках у Біркенаў (Аушвіц-Біркенаў), а ўдзельнікі, загорнутыя ў ізраільскія сцягі. Фота: Dominika Zarzycka/SOPA Images/LightRocket via Getty Images)

«Прыход да ўлады нацыянал-сацыялістаў у 1933 годзе быў бы немагчымы без правалу тагачасных адказных асоб у палітыцы, арміі, судовай сістэме і эканоміцы. Нямецкія кампаніі садзейнічалі ўмацаванню ўлады нацыянал-сацыялістаў. У пагоні за ўласнай выгадай многія фірмы і іх прадстаўнікі былі ўцягнутыя ў гэты працэс. Сёння мы, як нямецкія прадпрыемствы, бярэм на сябе адказнасць за тое, каб захаваць памяць пра злачынствы часоў нацызму», — гаворыцца ў заяве.

«Гэтыя злачынствы нагадваюць нам, наколькі крохкая дэмакратыя і як важна зноў і зноў гэта ўсведамляць. <…> Дэмакратыя жыве ўдзелам — і нязгодай. Яна патрабуе прынцыпаў і мужнасці. У 1933 годзе і пазней занадта многія маўчалі, адварочваліся і заплюшчвалі вочы. З гэтага вынікае наша адказнасць — за мінулае, за сучаснасць і за будучыню», — дадаюць аўтары.

Як адзначае Die Zeit, з ініцыятывай выступіць з сумеснай заявай у 80-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны да нямецкіх кампаній звярнуліся кіраўнікі Bayer, BASF, Evonik і Siemens. Гэта адбылося пасля таго, як у студзені гэтага года яны прынялі ўдзел у мемарыяльнай цырымоніі, прысвечанай вызваленню канцлагера Аўшвіц-Біркенаў.

У выніку заяву падпісалі кіраўнікі 49 буйных нямецкіх кампаній.

Сярод іх — Adidas, BMW Group, Bosch, Deutsche Bahn, DHL Group, Hugo Boss, Henkel, Lufthansa Group, Mercedes-Benz, Rheinmetall, Uniper, Volkswagen, Porsche і іншыя.

У часы нацысцкай Германіі многія буйныя нямецкія кампаніі супрацоўнічалі з рэжымам Гітлера. Так, на сайце аўтаканцэрна BMW ёсць раздзел, у якім гаворыцца, што ў эпоху нацыянал-сацыялізму ён з кампаніі па вытворчасці транспартных сродкаў ператварыўся ў вытворцу ўзбраення і стаў адыгрываць важную ролю ў ваеннай эканоміцы Германіі.

Некаторыя кампаніі адмаўлялі сваю датычнасць да злачынстваў нацыстаў нават праз дзесяцігоддзі. Як пісаў Der Spiegel, у прыватнасці, кампанія Bayer доўгі час «захоўвала добрую памяць» пра старшыню праўлення Фрыца тэр Меера, які быў асуджаны за тое, што яго кампанія ўдзельнічала ў будаўніцтве канцэнтрацыйнага лагера Монавіц.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула