БЕЛ Ł РУС

Італьянскі інжынер прыдумаў, як прыўзняць Венецыю на 30 сантыметраў

9.05.2025 / 11:44

Nashaniva.com

Венецыя павольна, але ўпэўнена сыходзіць пад ваду: за апошняе стагоддзе горад апусціўся амаль на 25 сантыметраў, а ўзровень мора ў рэгіёне падняўся яшчэ на 30.

Інжынер Энтэр Тэаціні прапанаваў нестандартнае рашэнне — падняць горад, закачваючы салёную ваду глыбока пад зямлю. Гэта дало б Венецыі «два ці тры дзесяцігоддзі перадышкі», піша Bild.

Сутнасць ідэі — выкарыстаць тэхналогію, аналагічную той, што прымяняецца на поўначы Італіі для захоўвання газу. Улетку, калі падземныя сховішчы запаўняюцца, зямля крыху прыўзнімаецца, а зімой, пры адборы газу, апускаецца.

«Наша задача — не здабываць ваду, а наадварот, закачваць яе назад», — тлумачыць Тэаціні.

План прадугледжвае свідраванне прыкладна дзясятка спецыяльных свідравін па перыметры даўжынёй 10 кіламетраў вакол Венецыі. Дзякуючы гэтаму ўзровень зямлі павінен паступова павысіцца. Галоўнае — не дапусціць прарыву вады на паверхню, у гэтым дапаможа тоўсты гліністы пласт пад лагунай.

Каб не выклікаць падземных штуршкоў, пад’ём Венецыі абмяжуюць 20—30 сантыметрамі. Паводле задумы інжынера, горад быццам бы будзе «плаваць» на мяккай падушцы з вады, у той час як зямля вакол застанецца стабільнай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула