«Жэня ў нас ногі страціў». На парад у Мінск прыехалі вагнераўцы-беларусы — расказваем, хто яны
Учора на парад, прысвечаны 9 Мая, прыехала дэлегацыя беларусаў, якія ваявалі на баку Расіі супраць Украіны. Прапагандыст Рыгор Азаронак з гонарам прадставіў «асаблівую калону».
Вагнераўцы на парадзе ў Мінску. Скрыншот з тэлеканала СТБ
Азаронак у відэа называе напад Расіі на Украіну «працягам Вялікай Айчыннай вайны». І падводзіць да таго, што, маўляў, вагнераўцы — гэта тыя ж ветэраны Другой сусветнай.
Адзін з іх — ужо вядомы 44-гадовы Аляксей Бярговін з пазыўным «Брэст». Ён кажа ў відэа, што вагнераўцы нібы прадаўжаюць справу дзядоў, якія «троху недабілі фашысцкую пачвару і яна падымае сваю галаву». За «фашыстаў» ён лічыць краіны ЕС і Украіну.
Злева направа: Яўген Чахоўскі і Аляксей Бярговін
Побач з ім у чорным і таксама ў медалях, з нашытым расійскім сцягам на рукаве — 46-гадовы мінчук Яўген Чахоўскі. «Жэня ў нас ногі страціў не так даўно на СВА», — прадстаўляе таварыша з кійком Бярговін.
Яўген Чахоўскі. Фота са старонкі ягонай жонкі Укантакце
У відэа Яўген кажа, што ўдзельнічаў у штурмах Бахмута і Салядара. Узнагароды на яго грудзях — гэта два медалі ад ПВК «Вагнер» за ўдзел у мясных штурмах Бахмута, чорны (акопны) крыж ПВК «Вагнер» і медаль ад «ДНР» «За вызваленне Арцёмаўска» (старая назва Бахмута).
У Чахоўскага ёсць жонка і дзіця.
Вагнеравец у панамцы — 24-гадовы Яўген Булко. Ён з Гродна. Вядома, што раней займаўся лёгкай атлетыкай і ўдзельнічаў у спаборніцтвах. Імя Булко ёсць на сайце «Міратворац».
Яўген Булко. Скрыншот з відэа тэлеканала СТБ
У відэа Булко кажа, што ваюе з пачатку 2023 года. «Працягваем змагацца за айчыну. У нас Саюзная дзяржава, мы мусім абараняць нашы межы», — сцвярджае ён.
Яшчэ адзін малады вагнеравец, які прыехаў на 9 Мая, — 26-гадовы ўраджэнец Мядзеля Сяргей Мінкевіч. У ягоных сацсетках — пацанскія цытаты, рэп і мемы. Хлопец узнагароджаны вагнераўскім крыжом.
Сяргей Мінкевіч. Фота з Укантакце
У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць артыкул 361-3 за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўцы. Аднак па ім судзяць толькі добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну ад Расіі. Тых жа, хто паехаў ваяваць за Расію, улады і прапаганда ганарова прымаюць.
Чытайце таксама:
У Мінску прайшоў вайсковы парад у гонар 80-годдзя перамогі над Германіяй
На парад у Гродне вывелі казу. З ёй аказалася складаней, чым з людзьмі ВІДЭА