БЕЛ Ł РУС

Беларусу выдалі вельмі нетыповую польскую візу. Яна на працяглы тэрмін, але часта з ёй не паездзіш

10.05.2025 / 22:14

Nashaniva.com

Днямі адна з мінскіх кампаній, якая дапамагае з афармленнем шэнгенскіх візаў, апублікавала на сваёй старонцы ў Threads польскую працоўную візу, якую выдалі грамадзяніну Беларусі. Яна аказалася нетыповай і рэдкай, піша «Люстэрка».

Двухразовая працоўная віза, май 2025-га. Скрыншот: Threads адной з мінскіх кампаній, якая дапамагае ў падачы на візы

«Гэта двухразовая нацыянальная віза тэрмінам на 365 дзён», — адзначае візавая экспертка Анастасія Лысакоўская.

Паводле яе слоў, за сем гадоў практыкі падобнае рашэнне яна сустракае ўпершыню.

На гэты момант пост з фота незвычайнай візы выдалены, але здымак ужо разышоўся па сацсетках.

Лысакоўская кажа, што такую візу сапраўды выдалі і яе актыўна абмяркоўваюць сярод экспертаў. Што ў ёй нетыповага?

«Звычайна нацыянальную (чытай, працоўную) візу Польшчы даюць на 365 дзён са шматразовым уездам. Тэрміны знаходжання маглі скараціць з-за заканчэння дзеяння пашпарта, напрыклад.

У сваёй практыцы сустракала выпадкі, калі візу давалі на 180 дзён ці 320, але яна ўсё адно была шматразовай, гэта значыць без абмежавання колькасці ўездаў, — тлумачыць Анастасія. — Тут жа мы бачым, што ўладальнік мае права за год уехаць у Шэнгенскую зону толькі двойчы, далей віза будзе пагашаная».

Лысакоўская кажа, што калі такія візы пачнуць выдаваць часцей, то першыя, у каго могуць узнікнуць складанасці, — гэта кіроўцы. Бо іхняя праца звязаная з пастаянным перасячэннем межаў.

У параўнанні са шматразовым дазволам на ўезд, двухразовы мае свае мінусы, адзначае экспертка.

«Напрыклад, па ім ужо не паездзіш вырашыць пытанні ў Беларусь або ў камандзіроўкі на Кіпр. Прыехаўшы ў Польшчу, ўладальніку такой візы трэба працаўладкавацца, запусціць працэс легалізацыі і чакаць «карту пабыту». Толькі атрымаўшы яе, чалавек зможа быць больш свабодным у сваіх рухах», — расказаае суразмоўца.

Чаму такія візы сталі выдаваць?

«Я і калегі, з якімі маю зносіны, пакуль упершыню бачылі візу падобнага ўзору. Ці стануць яны масавымі, не ведаем, — разважае экспертка. — Чаму іх могуць пачаць выдаваць? Магчыма, гэта звязана з палітыкай узмацнення строгасці выдачы міграцыйных візаў.

Як мне здаецца, для ўрада Польшчы тут ёсць свае плюсы. З дапамогай такіх рашэнняў яны скарачаюць магчымасці нямэтавага выкарыстання падобных віз. Людзі больш не змогуць катацца з імі «на закупы» або ў ролі турыстаў. Акрамя таго, такі дакумент матывуе іх уладальнікаў легалізавацца адразу пасля прыезду ў Польшчу».

Чытайце таксама:

Экспертка падзялілася лайфхакам, як атрымаць шэнген хутчэй і на больш працяглы тэрмін

Ці ёсць шанец атрымаць візу ў Еўропу да сезону адпачынкаў і колькі гэта будзе каштаваць

«€1000 за паслугі агентаў — гэта ўжо норма». Што зараз адбываецца з шэнгенам і на што ідуць беларусы дзеля візы

Электронная віза ў Беларусь: для жыхароў якіх краін, колькі дзейнічае і для чаго патрэбна?

Што чакае беларусаў пры атрыманні шэнгенскіх візаў у сёлетнім турыстычным сезоне

Каментары да артыкула