У Выгалавічах святар ашаляваў сайдынгам старую капліцу
Раней той жа святар зрабіў аналагічны «еўрарамонт» на Княгінінскай царкве — ён быў прызнаны незаконным.
Капліца на могілках у Выгалавічах пасля «еўрарамонту». Фота: тэлеграм-канал «Naračanščyna | Нарачанскі край»
Радыкальныя змены ў выглядзе сціплай могілкавай капліцы ў Выгалавічах Мядзельскага раёна заўважыў тэлеграм-канал «Naračanščyna | Нарачанскі край»
Драўляная капліца на мясцовых могілках, відаць, была пабудаваная ў пачатку XX стагоддзя і захоўвала свой аўтэнтычны аскетычны, але атмасферны выгляд аж да мінулага года.
З гадамі ў капліцы прасеў падмурак, згнілі ніжнія вянцы і пачала працякаць страха, таму ў 2024 годзе настаяцель Княгінінскай царквы прапанаваў адрамантаваць капліцу, з чым вяскоўцы пагадзіліся.
Могілкавая капліца ў Выгалавічах у 2023 годзе. Фота: Wikimedia Commons
У выніку на храме, які арганічна ўпісвалася ў асяроддзе, святар правёў такі «еўрарамонт», што ён стаў выглядаць досыць танна і чужародна для месца памяці.
Сцены былі ашаляваныя круглявым сайдынгам пад дрэва, знішчаны прычолак, фасад стаў абсалютна плоскім, у вокнах з'явіліся шклопакеты, дах накрыты сінім металапрофілем, а пасярэдзіне ягонага каньку пастаўлена залатая глаўка-цыбуліна.
За адно на могілках спілавалі апошнія дрэвы.
Аўтэнтычныя дэталі, знішчаныя рамонтам. Фота: Глобус Беларусі
Аўтэнтычныя дэталі, знішчаныя рамонтам. Фота: Глобус Беларусі
Да 2020 года той жа святар ашаляваў драўляным сайдынгам Свята-Троіцкую царкву ў Княгініне і ўставіў замест драўляных вокнаў шклопакеты. Міністэрства культуры палічыла, што гэтыя работы, праведзеныя на гісторыка-культурнай каштоўнасці, з'яўляюцца незаконнымі.