«4:30, я сёмая ў чарзе». У Мазыры людзі прыходзяць за некалькі гадзін да адкрыцця паліклінікі, каб трапіць да траўматолага
«Сёння будзем усе разам сустракаць світанак каля паліклінікі».
Мазырская паліклініка. Фота: сайт установы
Жыхарка Мазыра расказала ў тыктоку пра праблемы з запісам да вузкіх спецыялістаў. Каб трапіць да траўматолага, яна прыехала да Мазырскай гарадской паліклінікі ў 4.30 раніцы.
«Я прыехала заняць чаргу да траўматолага, я сёмая», — расказвае жанчына.
«Мы сёння будзем усе разам сустракаць світанак каля паліклінікі», — жартуе яна.
Пакуль жанчына запісвала кароткае відэа, у чарзе ўжо стала 11 чалавек.
«Я вас прашу, паважанае міністэрства, выдзеліце нам траўматолага», — просіць аб дадатковым спецыялісце жыхарка горада.
Відэа сабрала пад тысячу каментароў. Людзі дзеляцца, што ў іх гарадах такая ж сітуацыя.
«У нас, Мар'іна Горка, тое ж самае».
«У Магілёве таксама, каб узяць талон, трэба прыходзіць сустракаць світанак, і на аналізы таксама чарга з 5-6 раніцы».
«Салігорск, стаматалогія — тая ж гісторыя».
«Не толькі ў вас спецыялістаў не хапае, у Іванава, Брэсцкая вобласць, стаматолагаў, гінеколагаў не хапае, да траўматолага таксама не трапіць».
Некаторыя здзіўляюцца: чаму б не ўзяць талон анлайн? Аўтарка відэа адказвае, што такой магчымасці няма. Іншыя раяць ісці ў прыватную клініку, каб сэканоміць час.
«Што адбываецца, столькі мед. ВНУ ў Беларусі, конкурсы на паступленне, а дзе спецыялісты, яны што ў космас ляцяць працаваць?» — недаўмяваюць у каментарах.
«Некаторыя, скончыўшы ВНУ, не хочуць працаваць за капейкі і ідуць на іншую працу, дзе больш плацяць. Так і мая пляменніца папрацавала, пайшла, набыла іншую прафесію і працуе», — пішуць у адказ.
«ЗП трэба нармальную плаціць дактарам, і будзе нам усім шчасце, і добрыя спецыялісты будуць», — разважаюць.
«Я працую ў медыцыне 20 гадоў, і ўжо справа не ў ЗП, а ў павазе да гэтых людзей, да медыкаў ставяцца як да абслугоўваючага персаналу», — дадаюць.