Пад Асіповічамі паляўнічы пераблытаў у цемры і выпадкова застрэліў барсука з Чырвонай кнігі
Пенсіянер пайшоў паляваць на ваўка ці лісу, але дапусціў фатальную памылку.
Ілюстрацыйнае фота: Wikimedia Commons
Увечары 10 мая 63-гадовы мужчына прыехаў на паляванне ў Асіповіцкую гаспадарку. У пенсіянера была ліцэнзія на здабычу ваўка, лісы, янотападобнага сабакі і шакала.
У цемры паляўнічы ўбачыў сілуэт нейкай жывёлы. Ён адкрыў агонь па цэлі, якую дрэнна бачыў. Стрэліў мужчына дакладна. Але ён вельмі здзівіўся, калі ўбачыў забітага ім барсука. На гэтую жывёлу паляваць нельга, яна занесена ў Чырвоную кнігу.
Мужчына не стаў паведамляць егерам пра тое, што выпадкова падстрэліў вельмі рэдкага барсука. Замест гэтага ён забраў тушу дадому і пачаў яе дзяліць. Менавіта за гэтым працэсам яго засталі інспектары прыродааховы. Яны выклікалі сілавікоў.
Аператыўнікі канфіскавалі ў мужчыны наразны паляўнічы карабін з прыцэлам начнога бачання, стрэльбы, патроны, а таксама прадмет, падобны на агнястрэльную зброю, і тушу жывёлы. Выніковы стрэл нанёс прыродзе шкоду на 12600 рублёў.
На паляўнічага завялі крымінальную справу, яму пагражае да шасці гадоў калоніі.