БЕЛ Ł РУС

Міністр здароўя ЗША купаўся з унукамі ў рацэ, дзе гэта рабіць строга забаронена

13.05.2025 / 16:35

Nashaniva.com

Кіраўнік дэпартамента аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША Роберт Кэнэдзі-малодшы выклікаў хвалю абурэння пасля таго, як апублікаваў у сацсетцы X фатаграфіі з купання ў забруджаным ручаі разам з унукамі.

На апублікаваных Кенэдзі фота бачна, як ён праводзіць Дзень маці ў парку Рок-Крык у Вашынгтоне, дзе апускаецца ў ваду разам з дзецьмі.

«Паход да Дня маці з Амарылісам, Бобі, Кікам і Джэксанам і плаванне з маімі ўнукамі, Бобкетам і Касіем, у Рок-Крык», — гаворыцца ў ягоным пасце ў X.

Рок-Крык працякае праз паўночна-заходнюю частку акругі Калумбія (Вашынгтон). Падчас моцных дажджоў або непагадзі ў яго скідаюцца лішкі сцёкавых вод, таму вада там моцна забруджаная фекаліямі і бактэрыямі, піша The New York Times. Гэтыя бактэрыі могуць выклікаць дыярэю, інфекцыі мочавывадных шляхоў, а ў рэдкіх выпадках — сепсіс (заражэнне крыві).

Нацыянальная служба паркаў ЗША адкрытым тэкстам папярэджвае на сваім сайце:

«Купанне, прагулкі па вадзе і любыя водныя актыўнасці ў Рок-Крык — гэта рызыка для здароўя людзей (і жывёл)».

Тым не менш, Кенэдзі, які вядомы прыхільнасцю да канспіралагічных тэорый і скепсісам у дачыненні да звычайнай медыцыны, дазволіў купацца ў гэтым вадаёме ўнукам і акунаўся сам.

Кэнэдзі вядомы распаўсюджваннем канспіралагічных тэорый аб пандэміі COVID-19. Ён перакананы праціўнік вакцынацыі і ў мінулым прымяншаў небяспеку адру падчас успышак захворвання. 

Чытайце таксама:

Трэці кандыдат. У Роберта Кенэдзі-малодшага ўсё больш шанцаў уключыцца ў прэзідэнцкую гонку ў ЗША

У кандыдата ў прэзідэнты ЗША ў галаве знайшлі паразіта. Ён мог з'есці частку мозгу

Як адразу пасля замаху на Трампа сацсеткі запоўнілі тэорыі змовы і пры чым тут Ілан Маск

Каментары да артыкула