БЕЛ Ł РУС

Брытанец, які адсядзеў 38 гадоў у турме за забойства, выйшаў на волю: ён аказаўся невінаватым

14.05.2025 / 11:35

Nashaniva.com

Прысуд быў адменены апеляцыйным судом пасля таго, як у старой справе з’явіліся новыя доказы.

Фота: мерсісайдская паліцыя

Брытанец Пітэр Саліван, які амаль 40 гадоў правёў у турме па абвінавачанні ў забойстве афіцыянткі, выходзіць на волю. Прысуд быў адменены апеляцыйным судом пасля таго, як у старой справе з’явіліся новыя доказы, піша Бі-бі-сі.

21-гадовая Даян Сіндал была згвалтаваная і забітая ў 1986 годзе па дарозе з працы дадому ў горадзе Беркенхэд на захадзе Англіі.

На апеляцыю справа летась была вернутая спецыяльнай камісіяй па расследаванні магчымых судовых памылак CCRC — пасля таго як у ўзорах спермы, захаваных з месца злачынства, былі выяўленыя раней незаўважаныя фрагменты ДНК, што ўказваюць на невядомага злачынцу.

Калі навіну пра адмену прысуду паведамілі самому Салівану, які прысутнічаў на паседжанні па відэасувязі з турмы, ён толькі расплакаўся і закрыў рот рукой.

На дадзены момант гэта, па ўсёй бачнасці, самая працяглая судовая памылка ў гісторыі брытанскага права, здзейсненая ў дачыненні да жывога зняволенага.

У заяве самога Салівана, зачытанай яго адвакатам, той запэўнівае, што на сваіх суддзяў «не злуецца і не крыўдуе».

«Са мной абышліся надзвычай несправядліва, — гаворыцца ў тэксце заявы, — але гэта ніяк не памяншае таго агіднага, жахлівага забойства, якое адбылося».

«Праўда дорыць свабоду», — сцвярджае невінавата асуджаны.

Выступаючы па завяршэнні слуханняў, сястра Салівана Кім Сміт заявіла, што «ў дадзеным выпадку прайгралі ўсе» і выказала сям’і загінулай афіцыянткі свае шчырыя спачуванні.

«Яны засталіся без дачкі — і яе ўжо не вярнуць, — патлумачыла Сміт. — А вось мы Пітэра вярнулі, таму цяпер павінны паспрабаваць літаральна збудаваць яго жыццё з нуля», — сказала яна.

«Вельмі шкада, што падобнае наогул адбылося»

Як у адзін голас заявілі і следчыя, і пракуроры, на момант забойства неабходных тэхналогій для аналізу і параўнання ўзоркаў спермы проста не існавала.

Прадстаўнік боку абвінавачвання Данкан Аткінсан прызнаў, што знойдзены доказ падрывае асновы вынесенага Салівану абвінаваўчага прысуду, таму пры паўторным разглядзе справы пракуратура на ім настойваць не будзе.

Трое суддзяў Каралеўскага суда правасуддзя Лондана адмянілі прысуд і заявілі, што ў іх «няма сумненняў у тым, што ў інтарэсах правасуддзя новыя генетычныя доказы прызнаць неабходна і мэтазгодна». Адзін з суддзяў, лорд Холройд, удакладніў, што характар пашкоджанняў на целе ахвяры «відавочна ўказвае на сэксуальны аспект нападу», і ў такім выпадку неабходна прызнаць, што з высокай доляй верагоднасці знойдзены біялагічны матэрыял быў пакінуты сапраўдным забойцам.

«Няма ніякіх падстаў меркаваць, што да забойства быў датычны больш як адзін чалавек, — адзначыў ён, — гэтаксама як і няма ніякіх сведчанняў таго, што сперма магла быць пакінута ў выніку сэксуальнага кантакту, які адбыўся па ўзаемнай згодзе».

Паведамляецца, што Пітэр Саліван ужо быў вызвалены на волю — амаль адразу пасля завяршэння пасяджэння.

У зняволенні ён правёў 38 гадоў і амаль восем месяцаў — або, у агульнай складанасці, 14 113 дзён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула