У Літве юрыдычна ацэняць выказванні Эдуардаса Вайткуса ў Мінску
Генеральны пракурор Літвы Ніда Грунскене даручыла паліцыі ацаніць скандальныя выказванні былога кандыдата ў прэзідэнта краіны, палітыка Эдуардаса Вайткуса падчас яго нядаўняга візіту ў Мінск.
Эдуардас Вайткус (злева) са старшынёй партыі «Белая Русь» Алегам Раманавым. Фота Аляксандра Кушнера / sb.by
Як паведамілі ў літоўскай Генпракуратуры, кіраўніцтву Дэпартамента паліцыі даручана «ініцыяваць высвятленне фактычных абставін і прыняць адпаведнае працэсуальнае рашэнне ў парадку, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам».
Эдуардас Вайткус прыязджаў у Мінск на запрашэнне праўладнай партыі «Белая Русь». Ён даў у сталіцы Беларусі прэс-канферэнцыю і выступіў на Беларускім тэлебачанні.
У Мінску Вайткус заявіў, што ў Літве «няма легітымнага прэзідэнта». Дзеючы прэзідэнт краіны, Гітанас Наўседа, на думку Вайткуса, быў абраны нелегітымна.
Ён лічыць, што Літва ідзе «шляхам знішчэння літоўцаў і літоўскай дзяржаўнасці», а таксама выказаўся супраць падтрымкі Літвой беларускага дэмакратычнага руху.
Эдурдас Вайткус удзельнічаў і ў парламенцкіх, і ў прэзідэнцкіх выбарах 2024 года ў Літве. Ён узначаліў спіс Літоўскай народнай партыі на парламенцкіх выбарах, але партыя не пераадолела выбарчага бар'ера.
Кандыдатам у прэзідэнты Літвы палітык атрымаў значную падтрымку ў такіх рэгіёнах Літвы, як Салечнікі і Вісагінас, дзе яго перадвыбарчыя матэрыялы распаўсюджваліся на рускай мове. Яго агульны вынік — 7,31%.
Цяпер Вайткус працягвае сваю палітычную дзейнасць, спрабуючы стварыць партыю «Новая палітычная сіла».
Чытайце таксама:
Літоўскі прарасійскі палітык наведаў Мінск і заявіў, што ў Літве «няма легітымнага прэзідэнта»
Лукашэнкафэрштэеры не прайшлі ў парламент Літвы
Кандыдат, што праводзіў прарасійскія наратывы, перамог у раёнах Літвы, якія мяжуюць з Беларуссю