У Жабінцы падлетка ўкусіла шалёная куніца
16-гадовы падлетак у Жабінцы пацярпеў ад укусу куніцы. Інцыдэнт адбыўся ў суботу, 10 мая, піша «Анлайнер».
Скрыншоты з відэа
Хлопец ішоў па дарозе, калі на яго з кустоў выбегла жывёліна.
Спачатку куніца здалася мілым звярком — падлетак нават пачаў здымаць яе на відэа. Але амаль адразу тая накінулася на яго і пракусіла палец. Гісторыяй пацярпелага ў сацсетках падзялілася яго сястра Аляксандра.
Хлопец нават не падумаў, што тое, што адбылося, небяспечна. Проста адштурхнуў куніцу і пайшоў гуляць далей. Але выпадкова ён выправіўся туды, куды забегла і куніца. А тая пасля ўкусу хаатычна перамяшчалася па прыватным сектары і нападала на свойскіх жывёл.
Дасведчаныя людзі адвезлі падлетка ў бальніцу, дзе яму паставілі першую вакцыну. А саму жывёліну вылавілі і адправілі на экспертызу. Яе вынікі паказалі, што куніца была хворая на шаленства.
«Пасля звароту ў прыёмны пакой брата адправілі на шпіталізацыю ў хірургічнае аддзяленне. Там ён праляжаў ноч, а раніцай яго адпусцілі дадому. Трэба было вярнуцца ў панядзелак, каб здаць аналізы. Вынікі нам пакуль невядомыя. Па словах медыкаў, яму трэба будзе трохмесячная тэрапія», — расказала «Анлайнеру» Аляксандра.
Дзяўчына дадала, што чула: не так даўно таксама ў Жабінцы шалёная ліса ўкусіла сабаку, і цяпер там увялі каранцін.
З 2012 года выпадкі захворвання на шаленства сярод людзей у Беларусі не рэгістраваліся. Пры гэтым штогод каля 20 тысяч чалавек звяртаюцца да медыкаў пасля кантакту з жывёламі, 30% з іх — дзеці да 18 гадоў.
Так, за восем месяцаў мінулага года ў Беларусі быў зарэгістраваны 171 выпадак шаленства жывёл: 100 у дзікай прыродзе і 71 сярод хатніх і сельскагаспадарчых жывёл. Дзякуючы вакцынацыі дзікіх жывёл колькасць шалёных асобін паступова зніжаецца. Так, у 2020-м колькасць зарэгістраваных выпадкаў шаленства складала 752.
Чытайце таксама:
У Гродне людзей і катоў тэрарызуюць лісы
Па вуліцах горада бегае ліса. Ці трэба хвалявацца?
Шалёная рысь прабралася ў двор жылога дома і памерла
У Магілёве людзі масава кантактавалі з заражанай шаленствам жывёлай
Разборкі на Шчучыншчыне. Як кот Васіль прагнаў з агарода лісу ВІДЭА