БЕЛ Ł РУС

Пратасевіч напісаў велічны пост пра «найцяжэйшую дыстрафію» і «караняплод»

14.05.2025 / 18:56

Nashaniva.com

У Беларусі апошнім часам разгарнулася цэлая прапагандысцкая кампанія, удзельнікі якой на ўсе лады прысаромліваюць беларусаў, што тыя маюць нахабства наракаць на праблемы з забеспячэннем крамаў якаснай бульбай. Сваю лепту ў гэту кампанію ўнёс таксама Раман Пратасевіч, які ў сваім тэлеграм-канале напісаў цэлую філіпіку з апеляцыяй да гісторыі блакаднага Ленінграда. 

Раман Пратасевіч

Пратасевіч спачатку наракае, што сітуацыю з «часовым дэфіцытам бульбы ў Беларусі» ўзялі на ўзбраенне апазіцыйныя і нават некаторыя замежныя СМІ, а таксама ўшчувае за недальнабачнасць нізавых чыноўнікаў, якія ўзнамерыліся было адправіць на паліцы крам нават насенную бульбу і былі спыненыя толькі вокрыкам зверху.

Пасля ж памяць перакідае Пратасевіча ў жнівень 1942 года, у блакадны Ленінград. У якім галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра, ураджэнец Мінска Карл Эліясберг, рыхтуецца, «перасільваючы найцяжэйшую дыстрафію», да прэм'еры 7-й сімфоніі Шастаковіча і разумее, што яму няма чым накрухмаліць сваю белую кашулю.

«Жонка Карла Ільіча, піяністка Надзея Броннікава, літаральна цудам здабыла адзіную маленькую бульбіну. Замест таго, каб яе проста з'есці, галодная сям'я музыкаў пусціла караняплод на крухмал для каўняра і манжэт беласнежнай канцэртнай кашулі», — піша Пратасевіч, адзначаючы, што той канцэрт слухалі ў акопах па радыё немцы, якія менавіта пасля таго «зразумелі, што Ленінград ім не ўзяць. Ніколі».

У той жа час у сваіх суайчыннікаў і сучаснікаў Пратасевіч гэткай ахвярнасці, да свайго жалю, не бачыць ані блізка.

«А што ж з нашай сілай духу, дарагія беларусы? Бо мы, у адрозненне ад знакамітага земляка Карла Эліясберга, без бульбы ад голаду не паміраем. У рэшце рэшт, у нашых крамах ёсць чым яе замяніць: макароны, грэчка, проса, аўсянка, пярлоўка, рыс…», — сарамаціць ён землякоў.

І не проста сарамаціць, а раіць ім «вывучыць рэцэпты на аснове чаго-небудзь іншага — выбар дастатковы. Як гаворыцца, Google у дапамогу».

«Не сорамна ныць у сацсетках з-за нязначнай, увогуле, праблемы? Асабліва ў дні, калі мы адзначаем 80-годдзе Перамогі, дасягнутай дзякуючы мужнасці і самаадданасці нашых дзядоў…», — сядае на любімага канька ўсіх лукашэнкаўскіх прапагандыстаў Пратасевіч.

А пасля абрынае свой гнеў на галовы вінаватых у цяперашняй сітуацыі, нават намякаючы на тое, што іх чакае турма:

«Як і сказаў нядаўна наш прэзідэнт, насенная бульба будзе выкарыстаная па прызначэнні — пасаджаная. А вось ці будуць пасаджаныя тыя, хто ва ўгоду ўласнаму звышпрыбытку агаліў унутраны спажывецкі рынак — пакуль яшчэ пытанне, але будзьце ўпэўненыя: прычыны дэфіцыту высвятляюцца. І высновы абавязкова пойдуць следам».

Напрыканцы ж паста, аднак, знаходзіцца месца і аптымізму:

«А бульба — будзе. І шмат. Ужо гэтай восенню. І больш нікуды не знікне».

Дарэчы, у сваёй філіпіцы ахоплены патрыятычнымі пачуццямі і праведным гневам Пратасевіч, імкнучыся трымацца велічнага ўзнёслага стылю, дапускае грубую факталагічную памылку, называючы бульбу «караняплодам». Насамрэч, караняплоды — гэта агародніна кшталту буракоў, морквы, рэпы, радыскі і падобнага. У бульбы ж — не караняплод, а клубень.

Чытайце таксама:

На Камароўцы ў Мінску пачалі прадаваць першую маладую беларускую бульбу

Дорага і з гнільцой: што робіцца з бульбай у крамах пасля праверак

Французскі Le Monde: Дэфіцыт бульбы выклікае незадаволенасць у Беларусі

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з бульбай

МАРГ разабралася, чаму ў крамах не стала бульбы

КДК пагражае закрываць крамы, калі ў іх няма бульбы

Стала вядома, колькі бульбы засталося ў стабфондах

Каментары да артыкула