«Нам самім не падабаецца». На Жлобінскім мясакамбінаце не выключылі, што заменяць скандальную сасіску
У Жлобіне з'явілася страшная сасіска, якая смажыць іншую сасіску, — скульптура, якая выклікала шум у сацсетках. Гэта арт-аб'ект мясцовага мясакамбіната, і там неафіцыйна прызналіся, што ім самым такая творчасць не прыйшлася даспадобы, піша «Белсат».
Скульптура «Сасіска» ў парку «Пяць стыхій» у Жлобіне. Скрыншот: zmk.by / Instagram
Жлобінскі мясакамбінат у сваіх сацсетках адсправаздачыўся, што з нагоды Года ўпарадкавання паставіў у мясцовым парку «Пяць стыхій» «маляўнічую скульптуру»:
«Стваральнікі скульптуры кажуць, што варта толькі дакрануцца ці пацерці сасіскі на мангале, і ўдача павернецца да вас тварам».
У каментарах людзі пішуць, што сасіска аўтарам не вельмі ўдалася:
«Шалапутная сасіска смажыць сваіх дзяцей, цудоўна!»
«Здаецца, гэта лішак соляў у арганізме дызайнера».
«Які горад, такія і помнікі».
У Жлобінскім райвыканкаме, куды карэспандэнт «Белсата» патэлефанаваў пад выглядам мясцовага жыхара, ад скандальнай скульптуры адхрысціліся:
«Гэта сасіска мясакамбіната. Вось хто ставіў, туды і званіце, на прадпрыемства».
На Жлобінскім мясакамбінаце карэспандэнту «Белсата» як прыватнай асобе сказалі, што акурат улады і загадалі прадпрыемству паставіць нейкую скульптуру:
«Гэта было заданне райвыканкама, а мясакамбінат ужо выконваў. Не менавіта такую кампазіцыю паставіць, гаворка ішла, каб ад мясакамбіната нешта было. Мясакамбінат за яе і заплаціў».
Рэакцыю ў сацсетках на прадпрыемстве бачаць:
«Мы чытаем каментары, бачым гэтую сітуацыю».
У кампаніі не выключылі, што «шалапутную сасіску» або паспрабуюць неяк выправіць, або цалкам заменяць:
«Пакуль не ведаем, аднак падымаем гэтае пытанне».
На пытанне, ці спадабалася ім самым гэтая скульптура, на мясакамбінаце прызналіся:
«Вядома ж, не».
Чытайце таксама:
«Гэта ж трэба дадумацца». У Жлобіне знайшлі «самую страшную» скульптуру Беларусі
БПЦ аслупавала сквер у гістарычным цэнтры Гомеля
У Гомелі скульптуру Гулівера заменяць на скульптуру ратавальніка