Рэйсавы аўтобус з Варшавы ў Мінск даехаў толькі да мяжы
За спробу незаконнага ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС партыі аўтазапчастак кіроўца рэйсавага аўтобуса «Варшава — Мінск» будзе прыцягнуты да адказнасці, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
Рэйсавы аўтобус рухаўся з Варшавы праз пункт пропуску «Брэст» па аўтобусным калідоры. Падчас вуснага апытання кіроўца заявіў, што не мае пры сабе тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню. Аднак пры аглядзе транспартнага сродку мытнікі знайшлі ў тэхналагічнай поласці аўтобуса кранштэйны, клапаны і іншыя аўтазапчасткі. Доступ да схаванага ўдалося атрымаць толькі пасля дэмантажу вечка. Агульны кошт неадлюстраваных у дэкларацыі запчастак склаў каля 15 тысяч рублёў.
Пазней мужчына растлумачыў, што ў Варшаве яго папрасілі перавезці гэтыя тавары за ўзнагароджанне, а схаваў ён іх, каб пазбегнуць аплаты мытных плацяжоў.
Аўтазапчасткі і аўтобус 2012 года выпуску агульным коштам больш за 400 тысяч рублёў канфіскаваны да рашэння суда.
У дачыненні да кіроўцы Брэсцкай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс згодна з ч. 2 арт. 15.1 КаАП.
Цяпер яму пагражае штраф да 30 базавых велічынь, а транспартная кампанія можа страціць аўтобус, бо санкцыя артыкула прадугледжвае магчымасць канфіскацыі транспартнага сродку. Што пры гэтым адбылося з пасажырамі — не паведамляецца.