Германія павялічыць выдаткі на абарону больш, чым удвая
Новая кіруючая кааліцыя на чале з канцлерам Фрыдрыхам Мерцам прыняла рашэнне істотна павысіць абаронныя выдаткі Германіі — да 5% ВУП, піша Bild. Зараз краіна выдаткоўвае 2% ВУП на гэты кірунак.
Ёхан Вадэфуль у Турцыі. Фота: Osmancan Gurdogan / Anadolu via Getty Images
Як заявіў міністр замежных спраў Ёхан Вадэфуль пасля сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіа ў Турцыі, Берлін будзе імкнуцца да мэты ў 5% ад ВУП — гэта больш за 215 мільярдаў еўра ў год.
«Гэта значны зрух парадыгмы ў нямецкай палітыцы. Мы чакаем паступовага дасягнення мэты не пазней за 2030 год. Гэта не адбудзецца раптоўна, але гэта павінна адбыцца», — заявіў у размове з Bild эксперт па пытаннях знешняй палітыкі і абароны ХДС Радэрых Кізеветэр.
Ініцыятыва ўрада звязаная з ціскам з боку ЗША і НАТА: да 2023 года Германія павінна фінансава забяспечваць 10% абаронных намаганняў альянсу. Вашынгтон патрабуе ад усіх чальцоў НАТА выдзяляць 5% ВУП на абарону, хоць большасць краін лічыць гэтае патрабаванне невыканальным.
На саміце міністраў замежных спраў НАТА Ёхан Вадэфуль пацвердзіў, што Германія падтрымлівае пазіцыю ЗША: «Мы падзяляем ацэнку Трампа, што гэта неабходна».