Нявестка Ананіч звольнілася з СБ пасля 12 гадоў працы
«Ганаруся, што будучае пакаленне будзе вывучаць гісторыю сучаснай Беларусі і па маіх тэкстах», — перакананая прапагандыстка Святлана Ісаёнак.
Святлана Ісаёнак. Тут і далей фотаздымкі з яе сацсетак
Пра сваё звальненне Святлана Ісаёнак (пасля вяселля з сынам тагачаснай міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч дзяўчына змяніла прозвішча, але працягвала падпісваць тэксты дзявочым прозвішчам) распавяла ў сацыяльных сетках.
Учора быў яе апошні працоўны дзень: «У мінулым цудоўныя 11 гадоў 10 месяцаў і 14 дзён у камандзе з неверагоднымі людзьмі, якія падарылі тое, што не купіш ні за якія грошы — бясцэнны вопыт».
Прапагандыстка выказала спадзяванне, што будучае пакаленне будзе вывучаць гісторыю сучаснай Беларусі ў тым ліку і па яе тэкстах у «СБ».
Яна ж з агнём у вачах дапамагала ствараць лукашэнкаўскія наратывы: каталася па чырвона-зялёных аўтапрабегах, распавядала пра цяжкі лёс мігрантаў на мяжы Беларусі і Еўрасаюза. А яшчэ разам з прапагандыстам Мукавозчыкам наведвала розныя навучальныя ўстановы, каб пад час «ЗАліковай размовы» агучыць метадычку пра палітыку і эканоміку.
Свае сацсеткі Святлана таксама ператварыла ў палітычную агітку. Там яна распавядала, як усім падабаецца лукашэнкаўскі «Марафон адзінства». Не забывала перыядычна рабіць кампліменты нявестцы Лукашэнкі Ганне Сялук, якая займалася арганізацыяй таго самага марафону.
Нават на фотаздымках з сямейных мерапрыемстваў Святлана пазіруе ў мерчы лукашэнкаўскай крамы з яго цытатамі.
У апошні працоўны дзень Святлана, якая таксама выкладае на факультэце журналістыкі БДУ, правяла па рэдакцыі холдынга «СБ» экскурсію для сваіх студэнтаў. Прапагандыстка спадзяецца, што нехта з іх у выніку таксама прыйдзе працаваць туды.
Чытайце таксама:
Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа
Сын Ліліі Ананіч ажаніўся з журналісткай «Советской Белоруссіі» ФОТЫ