Сярод расійскіх перамоўнікаў у Стамбуле — кіраўнік злавеснага ГРУ. Хто ён, Ігар Касцюкоў?
Начальнік Галоўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сіл Расіі ўяўляе сабой тыповага «ціхага» дзеяча расійскай вайскова-палітычнай эліты.
Ігар Касцюкоў — першы злева. Фота: Alexei Druzhinin, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Паводле афіцыйных звестак, Ігар Касцюкоў нарадзіўся ў лютым 1961 года ў Амурскай вобласці. Пасля школы атрымаў вышэйшую вайскова-марскую адукацыю, а затым скончыў Вайскова-дыпламатычную акадэмію Міністэрства абароны СССР.
Службу пачынаў у дыпламатычных структурах — у якасці вайсковага аташэ пры пасольстве Расіі ў Грэцыі. Пасля гэтага працягнуў кар’еру ў Галоўным разведвальным упраўленні Генштаба (ГРУ). У 2010 годзе гэтае ўпраўленне атрымала новую афіцыйную назву — Галоўнае ўпраўленне Генштаба (ГУ), хоць старая абрэвіятура «ГРУ» дагэтуль шырока выкарыстоўваецца ў СМІ і прафесійным асяроддзі.
У 2018 годзе Касцюкоў узначаліў гэтую структуру. Прызначэнне на гэтую пасаду чалавека з вайскова-марскім досведам было знакавай падзеяй — Касцюкоў стаў першым выходцам з ВМФ, які ўзначаліў вайсковую выведку краіны ў постсавецкі час.
У цяперашняй структуры расійскіх узброеных сіл адмірал Ігар Касцюкоў займае адзін з ключавых пастоў. Як начальнік ГУ Генштаба і адначасова намеснік начальніка Генеральнага штаба, ён адказвае за ўсю разведвальную дзейнасць вайсковага ведамства і з’яўляецца важным дарадцам для вышэйшага камандавання.
На пасадзе аднаго з кіраўнікоў расійскай вайсковай разведкі Ігар Касцюкоў адыгрываў значную ролю ў кіраванні інтэрвенцыяй Расіі ў Сірыі, якая праводзілася пад сцягам барацьбы з міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыяй «Ісламская дзяржава».
У 2017 годзе Касцюкову «закрытым» указам было прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі. Афіцыйна — «за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні вайсковага абавязку».
Адмірал Ігар Касцюкоў уяўляе сабой тыповага «ціхага» дзеяча расійскай вайскова-палітычнай эліты — ён не дае публічных інтэрв’ю і мала вядомы шырокай грамадскасці, аднак адыгрывае важную ролю ў фарміраванні стратэгіі Расіі.
Віцэ-адмірал Ігар Касцюкоў (справа) перад пачаткам мерапрыемства, прысвечанага 100-годдзю ўтварэння ГРУ. Масква, 2 лістапада 2018 года. Фота: Wikimedia Commons
Кіруючы Галоўным упраўленнем (былым ГРУ), Касцюкоў стаіць на чале вайсковай разведкі, што апошнім часам дзейнічае як ва ўласна вайсковых канфліктах, так і на нябачным фронце інфармацыйных і кібераперацый па ўсім свеце.
За спробу падрыву амерыканскай дэмакратыі і ўмяшанне ў выбары з 2016 года Касцюкоў трапіў пад санкцыі ЗША. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну ён трапіў таксама пад санкцыі Канады, Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі — як адзін з прадстаўнікоў расійскага вайскова-палітычнага кіраўніцтва, адказных за агрэсію.
Правальны для Расіі ход ваенных дзеянняў, няздольнасць Масквы дабіцца першапачатковых мэтаў і шалёная людская цана, якую РФ плаціць за гэтую вайну, паказалі кіраўніцтву Расіі, наколькі яны першапачаткова недаацэньвалі Украіну і Захад.
Хоць афіцыйна дэлегацыю Украіны ў Стамбуле ўзначальвае дарадца Пуціна, ідэолаг Уладзімір Мядзінскі, магчыма, менавіта Касцюкоў — ключавая асоба на перамовах у Стамбуле. Як кіраўнік разведкі, ён валодае той інфармацыяй, якая будзе вызначаць сапраўдныя перамоўныя пазіцыі Масквы.
Чытайце таксама:
Пуцін зацвердзіў красамоўны склад расійскай дэлегацыі для перамоў у Стамбуле
Зяленскі адпраўляе перамаўляцца з Мядзінскім дэлегацыю на чале з Умеравым
Сустрэча дэлегацый Расіі і Украіны ў Стамбуле пакуль не запланаваная