БЕЛ Ł РУС

У Славеніі скралі бронзавую статую Меланіі Трамп

16.05.2025 / 17:51

Nashaniva.com

Паліцыя Славеніі расследуе знікненне бронзавай статуі першай лэдзі ЗША Меланіі Трамп. Скульптура ў натуральную велічыню была ўсталяваная ў 2020 годзе падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Дональда Трампа недалёка ад горада Сеўніца ў цэнтральнай Славеніі, дзе ў 1970 годзе нарадзілася Меланія, якая ў дзявоцтве мела прозвішча Кнаўс, піша Euronews.

Фота: AP

Бронзавая статуя ў свой час замяніла драўляную работы амерыканскага мастака Брэда Даўні, якая была спаленая невядомымі зламыснікамі раней у тым жа самым годзе.

Прэс-сакратарка мясцовай паліцыі Аленка Дрэнік Рангус паведаміла ў пятніцу, што паліцыя была праінфармаваная пра крадзеж статуі 13 мая. Яна сказала, што паліцыя працуе над пошукам вінаватых.

Бронзавая скульптура Меланіі Трамп стаіць на беразе ракі Сава ў вёсцы Рожна, недалёка ад яе роднага горада Сеўніца. 6 лістапада 2024 года. Фота: AP

Паводле паведамленняў славенскіх СМІ, бронзавая копія была адпілаваная каля шчыкалатак і знятая з пастаменту.

Першая фігура Меланіі Трамп была выразаная з ствала ліпы, Яна была выяўленая ў бледна-блакітнай сукенцы, падобнай на тую, у якой жанчына была на інаўгурацыі Трампа ў 2017 годзе. У бронзавай статуі не было відавочнага падабенства з першай лэдзі, але побач з ёй ёсць таблічка, якая абвяшчае, што яна «прысвечана вечнай памяці помніка Меланіі, які стаяў на гэтым месцы».

Чытайце таксама:

Белы дом апублікаваў афіцыйны фотаздымак першай лэдзі Меланіі Трамп

Капялюш Меланіі Трамп: што хаваецца за стыльным жэстам першай лэдзі Амерыкі

Меланія Трамп падтрымала права жанчын на аборты

Каментары да артыкула