Туск пасля размовы з Трампам: Нас чакаюць вельмі цяжкія дні
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск пасля тэлефоннай размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам выказаў меркаванне, што наперадзе могуць быць «вельмі цяжкія дні». Пра гэта піша польскае выданне RMF24.
Дональд Туск і Святлана Ціханоўская, 16 мая 2025. Фота Офіса Ціханоўскай
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разам з прэм'ерам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам, прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, федэральным канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам і прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам сёння пагаварылі па тэлефоне з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Размова адбылася неўзабаве пасля завяршэння расійска-ўкраінскіх перамоваў у Стамбуле.
Пасля званка Туск заявіў журналістам, што расійскі бок не меў намеру весці перамовы ў прысутнасці амерыканскага боку. Таксама, з ягоных слоў, расійскі бок паставіў умовы, якія «былі непрымальныя не толькі для Украіны, але і для ўсіх нас».
Туск падкрэсліў, што палітыкі будуць працягваць працаваць над мірам ва Украіне. Ён дадаў, што галоўнай задачай будзе захаванне адзінства Еўропы і ЗША па гэтым пытанні.
«Мы не ўтойваем, што пазіцыю Расіі цяжка назваць канструктыўнай. Нас, верагодна, чакаюць вельмі цяжкія дні», — адзначыў ён.
Раней СМІ пісалі, што дэлегацыя Расіі на перамовах з Украінай у Стамбуле выставіла патрабаванні, якія з'яўляюцца «нерэалістычнымі» і «выходзяць далёка за рамкі таго, што калі-небудзь абмяркоўвалася». У прыватнасці, нібыта гаворка ішла пра вывад украінскіх войскаў з некалькіх раёнаў у абмен на спыненне агню.
Міністр замежных спраў Турцыі Гакан Фідан паведаміў, што па выніках сустрэчы бакі дамовіліся, у прыватнасці:
- правесці абмен палоннымі «тысяча на тысячу»;
- абмяняцца прапановамі аб спыненні агню ў пісьмовым выглядзе;
- «прынцыпова» сустрэцца зноў.
Перад перамовамі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што калі на перамовах не змогуць узгадніць прынамсі спыненне агню, то гэта будзе «100-працэнтным пацвярджэннем таго, што Пуцін працягвае падрываць дыпламатыю».
Чытайце таксама:
Крамлёўская метадычка ўжо настройвае прапагандыстаў, як трэба пісаць пра правал перамоў у Стамбуле
Макрон і Стармер упэўненыя, што становішча ва Украіне зменіць толькі ціск на Маскву
Мядзінскі: Будзем ваяваць, колькі трэба. Са шведамі ваявалі 21 год
Дэлегацыі Украіны і Расіі на перамовах у Стамбуле размаўлялі праз перакладчыка