Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч расказаў, як працаваў разам з будучым Папам Львом XIV
Беларускі іерарх у інтэрв'ю ютуб-каналу Радыё Марыя расказаў і пра тое, як будучы Папа паспрыяў прызначэнню двух беларускіх біскупаў.
Фота: Domenico Stinellis / AP
Тадэвуш Кандрусевіч ацэньвае высока Папу Льва XIV (Роберт Прэво) як інтэлектуала і навукоўца, а таксама расказаў як працаваў разам з ім на Сінодзе біскупаў у Ватыкане ў 2012 годзе, прысвечаным пытанням евангелізацыі.
У тым сінодзе бралі ўдзел каля 250-300 біскупаў, а Роберт Прэво ў якасці генерала ордэна аўгустыянцаў. Аднак у рамках сінода было некалькі працоўных груп, і арцыбіскуп Кандрусевіч, і Роберт Прэво трапілі ў адну групу.
«Цягам усяго месяца мы часта сустракаліся ў працоўнай групе. «Я ўбачыў ім чалавека, які быў вельмі сціплы, ён не казаў, глядзіце, я генерал, ён больш слухаў, чым казаў. Але калі прамаўляў, то прамаўляў вельмі канкрэтна», — расказаў беларускі іерарх.
У студзені 2023 года Папа Францішак прызначыў Роберта Прэво прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў.
«Якая яе дзейнасць? Яна падбірае кандыдатаў у біскупы. Прыходзіць інфармацыя з якой-небудзь краіны, ставіцца пытанне, што павінен адзін і другі біскуп, яны вывучаюць — годны чалавек ці не, і потым тры кандыдатуры падаецца для Папы.
То-бок выходзіць, што нашы сучасныя біскупы — Уладзімір Гуляй і Адрэй Зноска — прайшлі праз сучаснага Папу. Фактычна ён дакрануўся да гэтага. Натуральна, што намінацыя была ад Папы Францішка, але Роберт Прэво падрыхтаваў неабходныя дакументы», — расказаў Тадэвуш Кандрусевіч.
Таксама Тадэвуш Кандрусевіч пажартаваў, што кіраўніцтва беларускага касцёла, як дазналася, што новым Папам быў абраны Роберт Прэво, то ішло ў заклад, якое сабе імя абярэ новы пантыфік.
«Імя Леў — вельмі годнае і знакавае», — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч, адзначыўшы, што яго знаёмы ватыканскі журналіст амерыканскага паходжання перад выбарамі напісаў яму, што ўпэўнены, што Папам абяруць менавіта Прэво.
Інтранізацыя (афіцыйнае ўступленне на пасаду) Папы Льва XIV пройдзе заўтра, у нядзелю.
Чытайце таксама:
Першымі беларусамі, якія сустрэліся з новым Папам, стала дэлегацыя грэка-католікаў
Новы Папа гуляе ў тэніс кожны тыдзень — у яго магутная падача
Папа Леў ХІV прапанаваў Ватыкан у якасці перамоўнай пляцоўкі