Расія запусціла рэкордную колькасць дронаў па Украіне
У выніку расійскай атакі ў Абухоўскім раёне Кіеўскай вобласці загінула дзяўчына, трое чалавек атрымалі раненні, сярод іх — чатырохгадовае дзіця.
Дронам забітая 28-гадовая дзяўчына. Фота: ДСНБ Украіны
Дронам забітая жанчына 1997 года нараджэння, паведаміў кіраўнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Мікалай Калашнік.
«На жаль, у выніку варожай атакі ў Абухоўскім раёне ад атрыманых траўм загінула жанчына. Паранены мужчына 61 года, жанчына 59 гадоў і дзіця 4 гады. Яны дастаўлены ў бальніцу. Стан пацярпелых сярэдняй цяжкасці», — расказаў Калашнік.
У выніку ўдару пашкоджаны прыватны жылы дом, выбітыя вокны ў суседнім шматпавярховым будынку. Таксама ў Фастоўскім раёне ўзнік пажар на тэрыторыі камбікормавага завода.
Уначы сіламі проціпаветранай абароны Украіны было знішчана 88 з 273 расійскіх беспілотнікаў, што атакавалі тэрыторыю краіны. Паветраныя сілы паведамілі таксама пра запушчаныя 128 дроны-імітатары.
Гэта рэкордная колькасць дронаў, запушчаных за суткі па Украіне за ўвесь час вайны. Да гэтага самай масіраванай лічылася атака ў ноч на 23 лютага 2025 года — тады расійскія вайскоўцы выкарысталі 267 беспілотнікаў.