На купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей
Яму было 26 гадоў.
«Падчас выканання баявой задачы на Купянскім напрамку загінуў наш пабрацім «Рыжы», паведаміў Беларускі Дабраахвотніцкі Корпус.
Аляксей загінуў 16 красавіка. Пра гэта стала вядома толькі цяпер.
«Эксцэнтрычны, гучны, рэзкі, шчыры, няспынны і адданы сваёй справе. Рыжы загінуў у баі, як таго і хацеў пры жыцці. Мы ўшаноўваем тваю памяць і ганарымся, што ты аддана стаяў разам з намі ў шыхце», — гаворыцца ў паведамленні.
«Адважны, нязломны, смелы, самаадданы. Шчыры ва ўсім, што рабіў. Я б нават сказала, радыкальна шчыры. Неймаверна добры.
Увасабляў у сабе беларускасць.
Герой, шалёны Герой. Прайшоў дзясяткі баёў на розных кірунках фронту. Рваўся ў бой і ўмела абыходзіў небяспеку. Ці яна яго намагалася абыходзіць», — напісала яго знаёмая.
Яна кажа, што Аляксей «жыў як адчувалася і хацелася».
«Прыцягваў людзей сваёй энэргіяй і той самай радыкальнай шчырасцю.
Умеў кахаць так, як ніхто іншы.
Загінуў у штурме. Як і хацеў», — дадае яна.
Паводле слоў дзяўчыны, у 2023, падчас службы ў 79 асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе, Аляксей быў узнагароджаны нагрудным знакам за праяўленую мужнасць і адвагу на полі бою. Ад іншых узнагарод ён у свой час адмовіўся.