БЕЛ Ł РУС

Вы кажаце, што ШІ заменіць чалавека? Вы не разумееце натуры чалавека

18.05.2025 / 19:48

Аляксей Быкаў

Чалавек — гэта не толькі пра ёсць/няма. Чалавек — гэта пра хачу больш, піша Аляксей Быкаў, спецыяліст у галіне аўтаматызацыі бізнес-працэсаў.

Ілюстрацыйнае фота: Alex Grimm FIFA via Getty Images

«ШІ пераверне жыццё ўсяго чалавецтва. Нічога не застанецца: ні кіно, ні тэатра, ні кніг, ні газет — толькі суцэльны ШІ».

Чамусьці менавіта гэта перайначаная цытата (у арыгінале пра тэлевізар) з савецкага фільма ўзгадваецца, калі чую з вуснаў «футурыстаў», інвестараў, тэхнавізіянераў разважанні, якія малююць карціну татальнага ШІ. Маўляў, штучны інтэлект ужо хутка стане настолькі дасканалым, самадастатковым і прадуктыўным, што заменіць большасць прафесій, і чалавек стане проста непатрэбным.

Біл Гейтс нават заяўляе: у бліжэйшыя дзесяць гадоў ШІ будзе выконваць амаль усё — ад працы на ферме да навучання дзяцей. І людзям, маўляў, нічога не застанецца, акрамя як пакінуць сабе нейкія спецыфічныя заняткі.

«Будуць рэчы, якія мы пакінем для сябе, — сказаў Гейтс. — Але калі казаць пра вытворчасць рэчаў, перамяшчэнне рэчаў і вырошчванне ежы, з часам гэта будуць у асноўным вырашаныя праблемы».

Усяго будзе шмат, усяго будзе ў дастатку, гарантуюць там тэхнавізіянеры. Паколькі штучны інтэлект сам будзе даваць рады стварэнню матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў, і будзе гэта рабіць лепш за чалавека, і будзе забяспечаны татальны матэрыяльны дабрабыт, многія апалагеты татальнага AI робяць выснову, што людзі амаль перастануць працаваць, перастануць займацца эканамічнай дзейнасцю. Канец капіталізму, канец эканомікі, якую мы яе ведаем. Канец гісторыі.

Але за гэтай карцінай — глыбокая памылка. І нават не адна.

Памылка №1: Ігнараванне стымулаў і матывацый, якія рухаюць людзьмі

Асноўны недахоп у логіцы ШІ-аптымістаў — меркаванне, што матывацыі чалавека нязменныя. Маўляў, калі патрэбы ў ежы, паслугах і тавары будуць закрытыя машынамі, чалавек спыніць дзейнічаць. Але гэта проста няпраўда.

Адна з галоўных характарыстык чалавека — наяўнасць матывацыі і стымулаў. Менавіта на аснове гэтых матывацый і стымулаў любы чалавек ажыццяўляе эканамічную і гаспадарчую дзейнасць. Чалавек заўсёды быў надзвычайна вынаходлівы ў стварэнні новых стымулаў і матывацый. Напрыклад, у прымітыўным аграрным грамадства кіраваліся аднымі стымуламі (даволі прымітыўнымі, шчыра кажучы), потым прыйшла механізацыя сельскай гаспадаркі і індустрыялізацыя, жыццё істотна змянілася, і чалавек стварыў іншыя, больш складаныя. І на аснове гэтых новых стымулаў з'явіліся абсалютна новыя індустрыі і паслугі. І яшчэ ніводны з тэхнавізіянераў не давеў, што зараз будзе неяк іначай.

Мы хочам большага, чым маем. Мы пастаянна пераасэнсоўваем свае патрэбы і ствараем новыя. Менавіта гэта здольнасць рухала чалавецтва з аграрнай эпохі ў індустрыяльную, з індустрыяльнай — у інфармацыйную.

У прымітыўным аграрным грамадстве абсалютная большасць людзей займаліся вырошчваннем ежы, каб пракарміць сябе. Механізацыя і рэвалюцыя ў спосабах земляробства прывялі да таго, у развітых краінах у аграрным сектары цяпер задзейнічана мізэрная колькасць працоўнай сілы: усяго 2—3% ад агульнай колькасці ў развітых краінах цалкам дастаткова, каб забяспечыць іншыя 97—98% насельніцтва ежай. Голад як з'ява амаль выкаранены нават у бедных краінах, і калі ў нейкіх формах і існуе, то як сацыяльная, а не эканамічная праблема.

Калі рэверсіўна экстрапаляваць логіку ШІ-тэхнавізіянераў на пераход з аграрнае ў індустрыяльнае грамадства, па гэтай логіцы з механізацыяй сельскай гаспадаркі, з'яўленнем угнаенняў і новых тэхналогій, 97% насельніцтва павінны былі б проста застацца без працы, і проста спажываць ежу, якую вырошчвала б маленькая доля аграрыяў (бо здабыць ежу было старым стымулам з аграрнага грамадства).

Але мы цудоўна ведаем, што ўсё пайшло зусім не так. Сёння 2% працоўнай сілы ў развітых краінах кормяць астатніх. Але ніхто не сядзіць без справы. З’явіліся тысячы новых сфер і прафесій. І ўсё гэта — дзякуючы новым жаданням, амбіцыям і спажывецкім стымулам.

Візіянеры думаюць, што з развіццём ШІ стымулы людзей застануцца цяперашнімі, і судзяць яны людзей па цяперашніх матывацыях, і гэта самая галоўная памылка апалагетаў «канца эканомікі». Матывацыі і стымулы адаптуюцца (як адаптаваліся раней падчас навуковых рэвалюцый), адкрываючы дарогу для зусім новых сфер, заняткаў і індустрый.

Памылка №2: Ігнараванне сілы дэфіцыту

Другая ілюзія ШІ-аптымістаў — што недахопы рэсурсаў знікнуць. Усё будзе ў дастатку. Для ўсіх. Але чалавек — гэта не толькі пра ёсць/няма. Чалавек — гэта пра хачу больш.

Стан нястачы, недахопу рэсурсаў — таксама неад'емная частка чалавечай прыроды і гаспадарчай дзейнасці, якая рухае прагрэс. Гэта не пра беднасць ці галечу. Гэта пра тое, што патрэба ў рэсурсах заўсёды будзе большай за прапанову.

Нашыя хацелкі заўсёды большыя за рэальныя магчымасці, незалежна ад вашага сацыяльнага класу, незалежна ад таго, матэрыяліст вы ці не. І гэтая нястача і дэфіцыт існавалі і будуць існаваць незалежна ад узрозню дабрабыту і эканамічнага ладу, адаптуючыся пад новыя рэаліі.

Чалавеку аграрнаму хацелася больш ежы, больш чыстай вады, больш чыстай вопраткі і адпачынку. Цяперашні постындустрыяльны гарадскі чалавек гэта ўсё мае, але ягоныя патрэбы ўжо вышэйшыя — цікавы адпачынак 2—3 разы за год, новы смартфон і дызайнерская вопратка. Нашы патрэбы ў хацелках будуць заўсёды вышэйшымі, чым нашыя магчымасці іх рэалізаваць.

Патрэбы ніколі не стаяць на месцы — яны развіваюцца разам з дабрабытам.

І менавіта гэта — аснова эканомікі. Не проста забеспячэнне патрэб, а бясконцая спроба дасягнуць наступнага ўзроўню. Таму нават у свеце, дзе ШІ будзе рабіць усё «за нас», эканоміка не спыніцца — яна перафарматуецца.

Чаму ж тэхнавізіянеры і AI-аптымісты думаюць, што зараз будзе неяк інакш і чалавецтва перастане адаптаваць свае патрэбы пад дабрабыт? Адкуль узялася ідэя, што цяпер чалавеку будзе ўсяго дастаткова і ўся эканоміка спыніцца?

Старая мара пад новым ШІ-соусам

Тут ШІ-аптымісты не арыгінальныя. Усё гэта ўжо было. Яны проста запазычылі і адаптавалі пад сучасныя рэаліі ідэі заходніх левых інтэлектуалаў сярэдзіны 1950-х гадоў. Менавіта тады пачалася абгаворвацца канцэпцыя «патэнцыйнага дастатку» («potential plenty»), якае прадугледжвае, што сучасныя грамадствы маюць тэхналагічныя магчымасці і вытворчыя рэсурсы для задавальнення асноўных матэрыяльных патрэб і нават для забеспячэння камфортнага ўзроўню жыцця для ўсіх людзей, і што праблема толькі ў пераразмеркаванні гэтых рэсурсаў.

Гэты тэрмін часта выкарыстоўваецца ў левых, крытычных эканамічных дыскурсах, каб сцвярджаць, што дэфіцыт больш не з'яўляецца натуральным станам, а сацыяльна створаным.

Тэхнавізіянеры ў такіх самых эпітэтах апісваюць і жыццё пры татальным ШІ: што штучны інтэлект павысіць прадукцыйнасць, выцесніць чалавечую працу і створыць багацце. І гэта з'яўляецца сучаснай варыяцыяй канцэпцыі патэнцыйнага багацця (potential plenty). І яны цалкам ігнаруюць, што з ростам матэрыяльнага дабрабыту патрэбы людзей на месцы не стаяць.

Ужо тады, у 50-ыя гады, калі гэтая тэорыя з'явілася, патрэбы людзей не спыніліся. І не спыняцца цяпер. Бо чалавек — гэта пра жаданне большага, пра рост, пра рух. А значыць, эканоміка будзе, пакуль жыве чалавек.

Можна доўга спрачацца, ці сацыяльна створаным з'яўляецца дэфіцыт, ці ўсё ж гэта прыродны стан чалавека, але безумоўна тое, што недахоп і жаданне большага застаюцца важнымі характарыстыкамі, якія вызначаюць чалавечыя паводзіны і эканамічную дзейнасць. І ніхто з апалагетаў ШІ не прывёў аргументаў, чаму адчуванне дэфіцыту і імкненне да большага павінна знікнуць з прашыўкі чалавека.

Агулам ШІ пакуль стварае больш працы, чым руйнуе. А тое, што руйнуе, гэта цалкам нармальна. Гэта і ёсць creative disruption, «творчае разбурэнне» — у гэтым і сутнасць капіталізму і навуковага прагрэсу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула