У Беларусі хочуць пастрожыць правілы выдачы пазык
Грошы ў далярах збіраюцца дазволіць браць у доўг толькі ў блізкіх сваякоў.
У Палату прадстаўнікоў унесены законапраект, які павінен сур'ёзна змяніць правілы пазык паміж грамадзянамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і арганізацыямі, паведамляе «Анлайнер».
Сярод ключавых змен:
— забарона на пазыкі ад ІП і юрыдычных асоб — якія не маюць статусу мікрафінансавай арганізацыі, — выключэнне зробяць толькі для ўласных работнікаў;
— нельга будзе пазычаць грошы ў замежнай валюце, калі пазычальнік і той, хто дае грошы, не з'яўляюцца блізкімі сваякамі;
— пад забарону трапяць пазыкі пад заклад адзінага жылля;
— таксама прапануецца абмежаваць памер працэнтаў і няўстоек (штрафаў і пеняў) па дагаворах пазыкі паміж фізічнымі асобамі;
— у рэкламе забараняецца выкарыстоўваць такія словы, як «пазыка», «мікрапазыка», «грошы ў доўг», калі рэкламадавец не з'яўляецца мікрафінансавай арганізацыяй.
Законапраект ініцыяваны ўрадам і цяпер знаходзіцца на разглядзе ў дэпутацкай пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах. 15 мая ён абмяркоўваўся на пашыраным пасяджэнні з удзелам дэпутатаў і прадстаўнікоў профільных органаў.