У ЕС узгаднілі адмену штампаў на мяжы Шэнгену
Рада ЕС і Еўрапарламент заключылі папярэдняе пагадненне аб паступовым запуску аўтаматызаванай пагранічнай сістэмы ўезду і выезду (Entry/Exit System, EES) у Еўрасаюзе, якая заменіць штампы ў замежных пашпартах, піша Deutsche Welle.
Рашэнне аб увядзенні сістэмы было прынята яшчэ ў 2017 годзе, яе запуск неаднаразова адкладваўся. Апошнім тэрмінам называўся 2024 год. Аднак у канцы мінулага года Еўракамісія (ЕК) зноў адклала запуск EES, паколькі Германія, Францыя і Нідэрланды аказаліся не гатовыя да яе ўкаранення. Тады ЕК запатрабавала стварыць новы рэгламент не адначасовага, а паступовага запуску сістэмы.
У новым пагадненні прапануецца адвесці на паступовае ўвядзенне EES шэсць месяцаў.
«Да канца гэтага пераходнага перыяду краіны-члены будуць працягваць уручную ставіць штампы ў праязных дакументах», — гаворыцца ў прэс-рэлізе. Раней паведамлялася, што EES цалкам заменіць штампы ў замежных пашпартах.
Пагадненне Рады ЕС і Еўрапарламента не азначае, што EES пачнуць уводзіць ужо зараз. Дату пачатку паступовага запуску сістэмы павінна ўстанавіць Еўракамісія. Акрамя таго, дасягнутае 19 мая пагадненне — папярэдняе, яго яшчэ павінны канчаткова ўхваліць самі Рада ЕС і Еўрапарламент.
Ці павялічыць новая сістэма чэргі?
Лічбавая сістэма EES дазволіць аўтаматычна рэгістраваць даныя тых, хто ўязджае ў Шэнгенскую зону і выязджае з яе, у тым ліку біяметрычныя даныя: адбіткі пальцаў і фатаграфіі твару. Улады краін ЕС будуць мець пастаянны доступ да персанальных даных грамадзян трэціх краін і гісторыі іх паездак, а таксама змогуць кантраляваць, ці выконваюць яны дазволены перыяд знаходжання.
«EES значна паменшыць верагоднасць махлярства з ідэнтыфікацыйнымі данымі і перавышэння тэрміну знаходжання», — гаворыцца ў заяве Рады ЕС.
Раней у СМІ выказваліся засцярогі, што новая сістэма не скароціць, а павялічыць чэргі на межах Шэнгенскай зоны. Пра гэта гаварылі і ўлады Вялікабрытаніі. У праекце новага рэгламенту адзначаецца, што краіны ЕС змогуць часова адключаць EES «калі інтэнсіўнасць патоку людзей прывядзе да вельмі вялікага часу чакання».