БЕЛ Ł РУС

«Рак проста здараецца. Ніхто ў ім не вінаваты»

20.05.2025 / 12:27

Кацярына Ваданосава, фэйсбук

«Я зараз напішу пра тое, што баліць, таму прашу дараваць такі эмацыйны пост», — піша ў фэйсбуку вядоўца ТБ і ютуба Кацярына Ваданосава.

Кацярына Ваданосава. Фота: Kaciaryna Vadanosava / Facebook

Апошнім часам выходзіць шмат інтэрв’ю і артыкулаў пра рак. Якасныя, навуковыя… Але мне, як чалавеку, які занураны ў хваробу, часта кідаецца ў вочы… некаторая несвядомая стыгматызацыя хворых. Я вось што скажу ў сувязі з гэтым.

Рак здараецца. Проста здараецца. Не ад нейкіх заганных паводзінаў, не ад няправільнага харчавання ці позніх родаў.

Я нарадзіла дзяцей у 24 і 27 гадоў. Гэта тыя цяжарнасці, якія скончыліся паспяхова. Яшчэ былі выкідкі. 4 штукі. Трэці і чацвёрты ўспрымаліся ўжо зусім спакойна, як звычка.

Я карміла дзяцей сваім малаком агулам 4 гады. 2 гады Стэфу, 2 гады Яна. Елі яны шмат — да самага канца па 10—15 разоў на суткі. І я захварэла на агрэсіўны рак грудзей, нягледзячы на гэта.

Я не мела лішняй вагі. Мой максімум — цяпер, на гармонатэрапіі. Калісьці я нават працавала мадэллю. Ведаеце, як мяне называлі ў агенцтве?.. «Эта, кормяшчая». Таму што мне было пад 30, і я карміла Яна нават перад выхадамі на дэфіле.

Я ніколі не паліла цыгарэт.

Да эміграцыі я 3 разы на тыдзень хадзіла ў трэнажорку. Ездзіла на ровары. І зараз езжу на ім увесь час, нягледзячы на адвечны і звыклы боль у баку і лімфастаз з-за выдаленых вузлоў.

Я харчаваліся здаровай ежай. Не бухала, не швэндалася абы-дзе. Заўсёды гатавала для сям’і, улічваючы не толькі карысць для дзяцей, але і магчымасці мужа з дыябетам 1 тыпу.

У чым я магу сябе папракнуць — у хранічным бяссонні, ва ўскладанні на сябе безлічы абавязкаў і прац, у перыядычных дэпрэсіях, якія, зразумела, не лячыла, бо «ўсе так жывуць, а мне нельга скардзіцца, у мяне ўсё ок».

Я магу папракнуць сябе ў нелюбові да сябе.

Такой агромністай, што, калі сышоў мой першы муж і пакінуў мяне з малымі дзецьмі, калі быў у маім жыцці гвалт, калі я захварэла, калі здарыліся эміграцыя і вайна, калі былі выкідкі, я заўсёды думала, што сама вінаватая. Што я не вартая нічога, акрамя пакут.

Але ў раку я не вінаватая. Ён прыходзіць проста так. Можа быць, ад унутранага болю, але гэта навукова неабгрунтавана.

Беражыце, калі ласка, тых, хто ўразлівы і ўражлівы. Даруйце ім тое, што яны могуць пакрыўдзіцца на пустым месцы. Проста ім цяжка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула