БЕЛ Ł РУС

Расію асабліва раздражняе Кая Калас

21.05.2025 / 15:56

Nashaniva.com

Служба знешняй разведкі Расіі выдала паведамленне, распаўсюджанае расійскімі інфармацыйнымі агенцтвамі, што ў Брусэлі, маўляў, пачынаюць прызнаваць тое, што яны памыліліся з прызначэннем Каі Калас на пасаду Высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі.

Кая Калас. Фота: AP Photo/Virginia Mayo

«У кулуарах Еўракамісіі з раздражненнем фіксуюць абсалютную некампетэнтнасць Калас… Відавочна, што яна не ў стане ўлічваць нюансы пазіцый краін і можа будаваць толькі спрошчаныя схемы, якія часцяком пазбаўленыя ўсякага сэнсу», — гаворыцца ў паведамленні расійскай разведкі.

Агульная выснова робіцца такая, што «ўкаранёная ў «адзінай Еўропе» практыка кіравацца ў пытаннях высокіх прызначэнняў палавой і нацыянальнай прыналежнасцю ўсё далей адводзіць ЕС ад рэальнай палітыкі».

Кая Калас займае пасаду Высокага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі з 1 снежня 2024 года. Дагэтуль яна з 2021 па 2024 гады была прэм'ер-міністаркай Эстоніі. Як і большасць высокапастаўленых палітыкаў з краін Балтыі, Калас не мае ілюзій адносна расійскай палітыкі і на сваёй цяперашняй пасадзе, як і на ранейшай, выступае за моцную падтрымку Еўропай Украіны і непатуранне Расіі. 

З цяперашняга паведамлення расійскай Службы знешняй разведкі найперш можна меркаваць, што Кая Калас на пасадзе кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі не задавальняе перадусім расійскія ўлады.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз выдзеліў грошы на падтрымку «Радыё Свабода»

Брусэль плануе скараціць дыпперсанал у Беларусі

Еўракамісія прадставіла план пераўзбраення ЕС і падтрымкі Украіны на 800 мільярдаў еўра

Каментары да артыкула