Беларуса ў Брэмене затрымалі за крадзяжы аўтазапчастак на чыгунцы
У нямецкім Брэмене затрымалі 46-гадовага беларуса і двух немцаў ва ўзросце 47 і 42 гадоў, якія падазраюцца ў крадзяжы аўтазапчастак з грузавых цягнікоў. Пра гэта паведамляе мясцовая паліцыя, піша сайт «Беларусь и мир».
Фота: нямецкая паліцыя
Як удакладняецца ў прэс-рэлізе, такія крадзяжы неаднаразова адбываліся ў мінулым. Дарагія дэталі кралі з саставаў, пастаўленых на ноч на сартавальнай станцыі горада.
У ноч на аўторак 20 мая праваахоўнікі звярнулі ўвагу на падазроную тройцу на вуліцы Папельвег, у непасрэднай блізкасці ад вагонаў-аўтамабілевозаў.
Трое мужчын спачатку спрабавалі з'ехаць ад цывільнай машыны паліцыі на белым фургоне, але тады, калі быў выкарыстаны сігнал «стоп» і пробліскавы маячок, яны спыніліся.
Пры праверцы высветлілася, што гэтыя людзі ўжо вядомыя праваахоўнікам як такія, што займаліся крадзяжом аўтазапчастак. Таксама ў машыне знайшлі інструменты для дэмантажу дэталяў. Двое з затрыманых ужо вышукваліся за ўчыненыя злачынствы.
Кіроўца таксама падазраецца ў кіраванні транспартным сродкам у стане наркатычнага ап'янення. Падазраваных зноў сфатаграфавалі, знялі адбіткі пальцаў, у кіроўцы ўзялі ўзор крыві для аналізу. Высвятляецца, да якіх крадзяжоў мужчыны маглі мець дачыненне.
Чытайце таксама:
У Германіі затрымалі беларусаў з сотнямі плітак шакаладу
Еўрапол затрымаў групу грузінаў, якія кралі кнігі рускіх пісьменнікаў з еўрапейскіх бібліятэк
Нямецкая паліцыя зняла беларуса, які ехаў у Брусель, з аўтобуса і вярнула ў Польшчу
Беларуса ў Польшчы затрымалі за крадзеж пасылак з прысмакамі і электронікай