БЕЛ Ł РУС

У Вашынгтоне забілі дваіх супрацоўнікаў пасольства Ізраіля. Яны збіраліся заручыцца

22.05.2025 / 9:42

Nashaniva.com

Супрацоўнікаў пасольства забілі вечарам у сераду каля Яўрэйскага музея, дзе праходзіла мерапрыемства, арганізаванае Амерыканскім яўрэйскім камітэтам.

Фота: Rod Lamkey, Jr. / AP

Забітыя выходзілі з гэтага мерапрыемства. Падазраванага бачылі, як ён хадзіў туды-сюды побач з музеем перад стралянінай. Ён падышоў да групы з чатырох чалавек і адкрыў агонь з пісталета. Забітыя — мужчына і жанчына. Яны былі парай, якая збіралася заручыцца, піша CNN.

Паведамляецца, што стралок — 30-гадовы Эліас Гансалес, ён прыехаў з Чыкага.

Пэйдж Сігель, відавочца трагедыі, расказала CNN, што размаўляла з падазраваным перад тым, як зразумела, хто ён.

Падазраваны пасля страляніны забег у Capital Jewish Museum, дзе чакаў прыезду паліцыі, па словах праваахоўнікаў і некалькіх сведак.

«Я падышла да яго і спытала, ці ўсё з ім у парадку, пакуль ён паўтараў: «Выклікайце паліцыю». Ён сказаў, што ўсё добра. Я спытала, ці быў ён паранены — ён адказаў, што не», — успамінае Сігель.

«Ён быў так шакаваны, калі я з ім размаўляла, што здаваўся бяскрыўдным. Вядома, я тады не ведала, хто ён», — сказала яна.

Сігель дадала, што неўзабаве прыехала паліцыя і затрымала яго, у той час як ён крычаў: «Свабоду Палесціне!»

«Мы былі ў адным пакоі, яўрэі, сабраныя разам, каб ён мог па чарзе страляць. Тэрарыст сядзеў побач з намі на лаўцы», — падсумавала яна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула