Цапкала: Папулярнасць Ціханоўскай — вынік накрутак і маніпуляцый
Дарадца Албанскай інвестыцыйнай карпарацыі Валер Цапкала працягвае сваю зацятую барацьбу са Святланай Ціханоўскай і яе камандай. Палітык перакананы, што існуюць спецыяльныя фермы ботаў, якія падтрымліваюць Ціханоўскую і цкуюць яе крытыкаў — такіх, як сам. «Мы з вамі ведаем, каму гэта ботаферма належыць», — канспіралагічна намякае палітык.
Валерый Цапкала
У сваім чарговым стрыме Валерый Цапкала пераконваў слухачоў, што частка беларускай дэмакратычнай эміграцыі нібыта задзейнічае ботаў для штучнага стварэння медыйнай папулярнасці.
Цапкала згадаў, што прыкладна год таму стала вядома пра існаванне ў Тбілісі фабрыкі ботаў, звязанай з Free Russia Foundation і асацыяванай, па яго словах, з фондам Навальнага.
Гэта першая маніпуляцыя ад Цапкалы — няма ніякіх доказаў сувязі фабрыкі ботаў з Фондам барацьбы з карупцыяй Навальнага.
«Гэтыя хлопцы, расійская ботаферма, прызналіся, што на паверх вышэй знаходзілася 50 чалавек — беларуская ботаферма», — працягваў палітык.
Ён прызнаецца, што «метадычак не бачыў», аднак катэгарычна сцвярджае: «мы абсалютна з вамі ведаем, каму гэта ботаферма належыць».
Цапкала расказвае, што яна была створана і фінансавалася за кошт еўрапейскіх і амерыканскіх грантаў, якія прызначаліся для падтрымкі незалежных медыя. Тут ён зноў не прыводзіць ніякіх пацвярджэнняў сваім заявам.
Цапкала сцвярджае, што «цалкам дакладнае было ўказанне гэтым ботам накручваць прагляды Вячоркі, Ціханоўскай і кампаніі» і адначасова «гнабіць, і ўсялякія даваць негатыўныя каментарыі» адносна «іншых людзей», у тым ліку і яго самога, «калі мы вядзём падобнага кшталту стрымы». Усё гэта таксама фантазіі Цапкалы, не падмацаваныя фактамі.
Святлана Ціханоўская
Зрэшты, Цапкала прызнае, што яго развагі не маюць доказаў — але ўпэўнены, што з цягам часу словы атрымаюць пацвярджэнне:
«Яшчэ раз кажу, мы не бачылі, хто гэта рабіў, і якія там інструкцыі яны атрымлівалі. Але я думаю, што з часам усё таемнае становіцца відавочным. Хоць, вядома, вось гэтыя вось кіраўнікі бота-фермы, яны, у адрозненне ад наіўных навукоўцаў не публікуюць падобнага роду справаздачы інфармацыі ў навуковых часопісах ці ў прэсе».
«Донары табе даюць грошы на падтрымку сродкаў масавай інфармацыі, ты робіш нейкую заяву ў сетцы (памятаеце, як у Вячоркі, там, мільён праглядаў). Ён кідае грошы, там, 50 тысяч з гэтых сродкаў, накручваючы сабе вось гэтымі ботамі прагляд. Потым ён прад'яўляе гэта донарам, паказвае, глядзіце, які я папулярны. Далей пайшло вось гэтае, так бы мовіць, кола зарабляння грошай», — разважаў Цапкала.
На беларусаў, па словах палітыка, «гэта не працавала, таму што беларусы ведаюць цану вось гэтым усім прайдзісветам, ведаюць, як усё працуе», а вось на донараў, якія «не ўнікаюць» і» не разумеюць нюансаў такой работы», мела ўплыў.
«Выступае гэта вось, так бы мовіць, лідарка нацыянальная, як яна сябе назвала, калі ў Вільні апынулася, вось глядзіце, яе там мільёны праглядаў. (…) Вось гэтае махлярства, яно насамрэч працуе, працавала на Захад, але яно ніякага ўплыву на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі не аказвала, таму што, яшчэ раз падкрэсліваю, усе цудоўна разумеюць, што гэта за фрукты».
Чытайце таксама:
Валерый Цапкала расказаў, чым цяпер займаецца
Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля