БЕЛ Ł РУС

З Ізраіля выслалі двух расіян, якія выдавалі сябе за ўкраінскіх журналістаў. Яны спрабавалі ўзяць інтэрв’ю ў Андрэя Макарэвіча

24.05.2025 / 8:37

Nashaniva.com

Ізраільская паліцыя затрымала двух расіян, якія выдавалі сябе за супрацоўнікаў украінскага інфармагенцтва УНІАН. Затрыманне адбылося пасля таго, як адзін з падазраваных паспрабаваў арганізаваць сустрэчу з вядомым музыкантам Андрэем Макарэвічам.

Фота з фэйсбуку Андрэя Макарэвіча

Паводле інфармацыі Newsru.co.il, мужчына, які прадставіўся журналістам украінскага агенцтва УНІАН Раманам Скібай, звязаўся з жонкай музыканта Эйнат Кляйн пад выглядам падрыхтоўкі матэрыялу пра сямейныя турыстычныя праекты. Паводле яго слоў, выданне нібыта зацікавілася вінаградным бізнэсам сям’і Макарэвіча. Ён сцвярджаў, што знаходзіцца ў Ізраілі, і прасіў сустрэчу дзеля інтэрв’ю.

Аднак у Эйнат Кляйн узніклі сумневы наконт сапраўднасці яго асобы. Спачатку ён памылкова назваў агенцтва, якое нібыта прадстаўляе, — «Унион». Пасля таго як на памылку яму было ўказана, ён даслаў «пасведчанне» журналіста, у якім былі відавочныя памылкі, у тым ліку ў напісанні назвы агенцтва на ўкраінскай — «УНИАН» замест правільнага «УНІАН». На дакуменце стаяла пячатка Запарожскай гарадской рады.

Рэдакцыя УНІАН пацвердзіла, што такой асобы ў штаце няма, і паведаміла пра інцыдэнт украінскім праваахоўным органам. У Ізраілі выдаванне сябе за іншую асобу, асабліва з мэтай атрымання інтэрв’ю, лічыцца крымінальным злачынствам. Акрамя таго, замежныя журналісты абавязаныя мець акрэдытацыю ў Дзяржаўным прэс-бюро Ізраіля.

Андрэй Макарэвіч

Сам Андрэй Макарэвіч пракаментаваў сітуацыю ў фэйсбуку:

«Піша маёй жонцы нібыта ўкраінскі журналіст. Нібыта з паважанага агенцтва УНІАН, просіць сустрэчы з намі. <…> Жонка просіць даслаць пасведчанне. Пасведчанне з дзікімі памылкамі ва ўкраінскай мове (пачынаючы з назвы агенцтва), з пячаткай чамусьці архіва Запарожскай гарадской рады. <…> І яшчэ — ад фразы «журналіста» «Адпрацоўваем актуальную павестку па Газе» павеяла такім гэбэшным кабінетам, што мы звярнуліся ў паліцыю».

Падазроныя асобы былі аператыўна затрыманыя ізраільскай паліцыяй і дэпартаваныя ў Расію.

Як высветліла выданне «Агентство», Раман Скіба родам з Харкаўскай вобласці, у 2023 годзе атрымаў расійскае грамадзянства. У кантактах знаёмых ён фігуруе як «рэдактар НТВ» і «супрацоўнік Першага канала». Паводле сацыяльных сетак і ўцечак, да сярэдзіны 2010-х гадоў ён жыў ва Украіне і працаваў бармэнам. З 2016 года ў сваіх акаўнтах пазначае, што жыве ў Маскве. Паводле наяўных звестак, ён мог быць звязаны з расійскім тэлебачаннем прынамсі з 2020 года.

Варта адзначыць, што расійскі тэлеканал НТВ рэгулярна выпускае сюжэты і фільмы пра дзеячаў культуры, якія выехалі з Расіі і асудзілі ўварванне ва Украіну — сярод іх і Андрэй Макарэвіч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула