Адзінаццацікласнікі з Гродна вырашылі зрабіць апошні тыдзень у школе запамінальным — і сталі зоркамі тыктоку
Кожны дзень апошняга навучальнага тыдня адзінаццацікласнікі гродзенскай школы №37 зрабілі тэматычным. Відэа школьнікаў агулам ужо набралі больш за 3 мільёны праглядаў.
Скрыншот відэа ў тыктоку
Для панядзелка вучні абралі тэму дзяцінства. Яны прыйшлі на заняткі з цацкамі: хтосьці дадаў да свайго вобразу крылы феі, хтосьці прыкаціў ружовы вазочак.
У аўторак хлопцы і дзяўчаты апраналіся ў стылі 90-х: спартыўныя касцюмы, малінавы пінжак і шмат вопраткі кіслотных колераў. Было і дадатковая заданне: прынесці ў школу неабходныя для вучобы рэчы без свайго звычайнага заплечніка. Выкарыстоўвалі кошыкі, вёдры, чахол для гітары. Але больш за ўсё каментатарам у тыктоку спадабалася дзяўчына, якая прынесла сшыткі ў рашотцы для грылю. Дарэчы, ролік, прысвечаны гэтаму дню, ужо набраў 1,3 мільёна праглядаў.
Серада прайшла ў стылістыцы Гаваяў. Там у адзенні было шмат яркіх колераў, а дзяўчаты ўпрыгожвалі сябе кветкамі.
У чацвер надышоў час 2к17 style (гэта нефармальная назва модных тэндэнцый, характэрных для сярэдзіны і другой паловы 2010-х). Таму школьнікі начапілі дзіравыя джынсы і міні-спадніцы, якія б у любы іншы дзень давялі б адміністрацыю ўстановы да інфаркту.
У пятніцу школьнікі касплэілі любімых персанажаў. Тут былі і Неа з «Матрыцы», і каўбой Вудзі з «Гісторыі цацак».
Чытайце таксама:
«Гэтулькі ўсяго цікавага даведаешся са сшыткаў»: малады настаўнік хіміі стаў папулярным у тыктоку
Школьнікі з Чыжоўкі вырашылі крэатыўна павіншаваць настаўніцу беларускай мовы
«Хоць пажар, а хатняе павінна быць зроблена»: хлопчык рабіў заданне па беларускай мове ў самалёце