Забіты ў Іспаніі паплечнік Януковіча за некалькі дзён да смерці прыязджаў ва Украіну
Паводле звестак выдання «Украінскай праўды», Андрэй Партноў — былы дарадца прарасійскага прэзідэнта-ўцекача Віктара Януковіча і чалавек, які меў значны ўплыў на судовую сістэму, — знаходзіўся ва Украіне за некалькі дзён да сваёй смерці.
Андрэй Партноў. Калаж liga.net
Паводле інфармацыі выдання, Партноў прыбыў ва Украіну 17—18 мая і сустракаўся там з высокапастаўленымі асобамі, якія адказваюць за працу праваахоўных органаў.
21 мая Партнова застрэлілі ў Мадрыдзе, каля амерыканскай школы, калі ён адводзіў туды сваіх дачок — 10 і 12 гадоў. Гэтая падзея шакавала мясцовых жыхароў.
Партноў, вядомы прарасійскімі поглядамі, раней быў першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Януковіча. У 2022 годзе ён праз Закарпацце пакінуў тэрыторыю Украіну.
З 2021 года ён знаходзіўся пад санкцыямі ЗША паводле «акта Магніцкага» — яго абвінавачвалі ў парушэнні правоў чалавека і карупцыі, у тым ліку ў спробах уплываць на судовую сістэму Украіны.
Чытайце таксама:
У Мадрыдзе расстралялі былога дарадцу Януковіча
Экс-прэзідэнту Украіны Януковічу завочна далі 15 гадоў
Сын Януковіча зарабляе мільярды на продажы вугалю з акупаваных тэрыторый