Сузаснавальнік Tut.by Валошын расказаў пра тое, ці мог партал пайсці па іншым шляху ў 2020-м
Сузаснавальнік Tut.by і інвестар Кірыл Валошын згадаў, як пачынаўся партал, і адказаў, ці можна было пайсці па іншым шляху ў 2020-м.
«У асноўным гэта была ідэйна канцэпцыя Юрыя Анатольевіча Зісера. Першапачаткова мы глядзелі на досвед Yahoo. (…) Але мы глядзелі гэта як на праект, і, натуральна, не меркавалі, што будзе такая папулярнасць, што мы будзем лідарамі, што ўвогуле колькасць карыстальнікаў вырасце з умоўных, не ведаю, 100-200 тысяч у 2000 годзе да, па сутнасці, усіх, 8-9 мільёнаў. (…)
Гэта было for fun. Зразумела, у нас былі нейкія амбіцыі па наведвальнасці, па адкрыцці тых ці іншых раздзелаў, але ніякіх падстаў стаць першымі адразу не было», —
згадвае сузаснавальнік Кірыл Валошын у новым выпуску ютуб-праекта «Ператром з Халезіным».
Па яго словах, на момант заснавання Tut.by існавалі праекты з нашмат большымі інвестыцыямі.
Кірыл Валошын. Скрын відэа: freekuhar / YouTube
У сам праект, па ацэнках Валошына, на той момант было ўкладзена каля 20 тысяч даляраў. Яны пайшлі на распрацоўку дызайну паштовай сістэмы і самога партала.
«У нас быў адзін сервер, на якім круцілася ўсё — і пошта, і форумы, і ўсё астатняе», — дзеліцца ўспамінамі Валошын. Сам ён пачынаў працаваць за 70 даляраў у месяц. Затым — у першыя гады — «за 70 даляраў і долю».
Першапачаткова заснавальнікі планавалі, што іх праект будзе прывабліваць людзей менавіта як паштовы сервер, але ў хуткім часе высветлілася, што карыстальнікаў прыцягвала і падборка навін. Пазней дадаліся блокі — праца, форумы, фінансы, афіша. І ўсё гэта стварала трафік.
Пераломным момантам у развіцці рэдакцыі Tut.by стаў 2010 год, калі стала відавочна, што ключавым фактарам прыцягнення аўдыторыі сталі не другасныя сэрвісы, а менавіта ўласны, арыгінальны журналісцкі кантэнт, які ствараўся рэдакцыяй пад кіраўніцтвам Марыны Золатавай.
«Па сутнасці, мы перасталі купляць, браць, капіраваць навіны. Большая частка навін была самапісная, стваралася хутка, якасна», — кажа Валошын.
Бізнэсмен згадвае, што Tut.by канкурыраваў з парталам Onliner «у частцы некаторых раздзелаў, (…) у тым ліку па некаторых пытаннях навін (…) — хто хутчэй апублікуе і ў каго хутчэй вырасце [колькасць праглядаў]. Мы таксама спрабавалі на зуб некалькі разоў нішу e-commerce».
Зразумела, што ў працы рэдакцыі былі сітуацыі, якія «раздражнялі і адзін бок, і другі». У такіх выпадках асаблівую ролю адыгрываў Юрый Зісер. Ён, як больш вопытны і старэйшы чалавек, умеў разрульваць канфлікты.
Юрый Зісер. Фота: Tut.by
Валошын прызнае, што былі выпадкі, калі рэдакцыі даводзілася «ісці на здзелку з сумленнем ці на здзелку з уладаю, каб не быць прыкрытымі». Але тлумачыць, што іх «было, як пальцаў на адной руцэ».
Ён кажа, што ў журналісцкай супольнасці існавала павага да таго, як рэдакцыя паводзіла сябе — далікатна, стрымана, прафесійна.
Дырэктарка партала Tut.by Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава падчас абвяшчэння прысуду 17 сакавіка 2023 года. Фота: «Мінская праўда»
Валошын кажа, што нічога не ведае пра прапановы прадаць партал, а на пытанне, ці можна было нейкім чынам засцерагчыся ад небяспекі ў 2020 годзе, адказвае:
«Мы не маглі застацца ў тым жа самым раскладзе, мы не маглі (…) пайсці супраць сумлення, прынцыпаў і ўсяго астатняга. Магчыма, застаўся б партал, але сышла б уся журналісцкая, большая частка рэдакцыі. (…)
Я не ўяўляю сітуацыю, у якой мы б пайшлі на здзелку з сумленнем і (…) пераставалі пісаць пра пратэсты, пра збіццё, пра гвалт, пра ўсё астатняе. (…) Агулам, мы і раней раздражнялі вока. Але зразумела, што 2020 год канчаткова гэты мазоль разадраў».
Нагадаем, што заснавальнік партала Tut.by Юрый Зісер памёр пасля цяжкай хваробы 17 мая 2020 года, а сам партал быў знішчаны ўладамі ў маі 2021 года. Частка кіраўніцтва была арыштаваная, генеральная дырэктарка партала Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава ў сакавіку 2023 года былі асуджаныя на 12 гадоў зняволення. Супрацоўнікі, якім удалося выехаць за мяжу, стварылі новы праект «Люстэрка», які прадоўжыў традыцыі партала.
Чытайце таксама:
Дамен tut.by канчаткова забралі ва ўладальнікаў
Экс-палітзняволеная па справе Tut.by расказала пра свае стартапы, турму і жыццё ў Грузіі
Аказваецца, экс-супрацоўніц Tut.by Лойку і Таўкачову ўжо асудзілі завочна. Але няясна як