БЕЛ Ł РУС

Разведка Украіны: Беларуская армія не здольная на маштабныя баявыя дзеянні

26.05.2025 / 13:2

Nashaniva.com

Алег Івашчанка, кіраўнік Службы замежнай разведкі Украіны, расказаў «Укрінфарму», як украінскія спецслужбы ацэньваюць здольнасць беларускага войска пайсці ва Украіну. 

Алег Івашчанка, кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны. Фота: SZRUkraine / Facebook

Ці можна чакаць пагрозы з боку Беларусі, спытаў карэспандэнт Івашчанку. 

— На сёння беларускае войска не здольнае на маштабныя баявыя дзеянні. Усё, што яны трымаюць ля нашай мяжы — гэта каля 2000 вайскоўцаў толькі для таго, каб нас адцягваць. Гэта значыць, баявы склад невялікі, перад вайной быў няздольны весці наступальныя дзеянні, і маральна іх вайскоўцы да гэтага не гатовыя.

Сярод беларускіх камандзіраў многія атрымлівалі адукацыю ў Расіі. Яшчэ ў 2022 годзе яны ціснулі на Лукашэнку, каб ён уступіў у вайну. Але самі беларусы — і вайскоўцы, і звычайныя людзі — гэтага не хочуць.

Яшчэ трэба мець на ўвазе, што на сёння эканоміка Беларусі цалкам залежыць ад Расійскай Федэрацыі.

Калі ў 2022 годзе ў Расіі, якая планавала скончыць вайну «за тры дні», з'явіліся праблемы з узбраеннем, Беларусь перадала ім усё, што магла, са сваіх складоў: боепрыпасы, тэхніку — Т-72, БМП-2, прыцэлы, бронекамізэлькі, шлемы, станкі. Цяпер яны наладзілі яшчэ вытворчасць боепрыпасаў, якіх бракуе Расіі. Рэактыўныя, ствольныя — усё, што трэба для вайны. Беларускі ВПК стаў дадаткам расійскага. Каля 80% беларускіх прадпрыемстваў ВПК інтэграваныя ў расійскі ВПК. Гэта фактычна адна база.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула