БЕЛ Ł РУС

У Польшчы чарговага беларуса асудзілі за шпіянаж. Але сядзець яму ўжо нядоўга

26.05.2025 / 19:50

Nashaniva.com

Акруговы суд у Любліне прысудзіў 53-гадовага грамадзяніна Беларусі Мікалая Маскаленку да двух гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі за шпіянаж. Улічваючы час, які ён ужо правёў пад вартай, мужчына можа выйсці на волю ўжо пасля 30 мая.

Акруговы суд у Любліне. Фота: kurierlubelski.pl

Як паведамляе Gazeta Wyborcza, судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, бо тычыўся дзяржаўных інтарэсаў. Паводле вердыкту суда, Мікалай Маскаленка шпіёніў на карысць беларускіх спецслужбаў у перыяд з 2018 па 2023 год, дзейнічаючы супраць Польшчы.

Маскаленка ўжо больш за 10 гадоў жыў у Польшчы. Ён нарадзіўся ва Украіне, добра валодаў польскай мовай і займаўся дробным гандлем таварамі з Беларусі. Аднак, паводле польскіх уладаў, гэта было толькі прыкрыццём. Мужчыну завербавалі беларускія спецслужбы, верагодна, з-за ягонай адукацыі — ён быў спецыялістам у сферы чыгуначнага транспарту і лагістыкі. Затрымалі беларуса ў лютым 2023 года.

Следства ўстанавіла, што ён збіраў інфармацыю пра вайсковы аэрадром у Белай-Падлясцы, дзейнасць вайсковай авіяцыі, перамяшчэнне тэхнікі, а таксама пра інфраструктуру і транспарт, звязаныя з польскімі спецслужбамі. Таксама ён імкнуўся высветліць, як польскія службы вярбуюць беларусаў і арганізоўваў сувязь з супрацоўнікамі КДБ.

Другога абвінавачанага — 59-гадовага паляка, які дапамог Мікалаю з жыллём, — аштрафавалі на 7 тысяч злотых за тое, што ён не паведаміў уладам пра злачынства. Абодва абвінавачаныя прызналі віну.

У снежні 2023 года гэты ж суд вынес прысуд яшчэ 14 іншаземцам, абвінавачаным у шпіянажы на карысць Расіі, у тым ліку тром беларусам. Максімальны тэрмін атрымаў Арцём А. — шэсць гадоў, мінімальны — Марыя Мядзведзева — год і месяц. Усе яны таксама атрымалі штрафы.

Па асобнай справе грамадзянін Беларусі Уладзіслаў Пасміцюха атрымаў два гады і дзесяць месяцаў пазбаўлення волі і быў аштрафаваны на 10 тысяч злотых.

Чытайце таксама:

У Польшчы знікла беларуска, асуджаная за шпіянаж на карысць Расіі

Новыя падрабязнасці дзейнасці расійскай шпіёнскай сеткі, раскрытай у Польшчы

Прарасійскіх беларусаў, затрыманых у Польшчы, падазраюць у намеры падрываць цягнікі

КДБ затрымаў у Беларусі грамадзян Польшчы і краін Балтыі «за агентурную дзейнасць»

Новыя дэталі пра затрыманых у Польшчы беларусаў, якіх вінавацяць у шпіянажы на карысць Расіі

Прапаганда спачатку іх абяляла, а пасля змяніла тон. Што вядома пра затрыманых у Польшчы беларусаў, якіх вінавацяць у шпіянажы на карысць Расіі

Каментары да артыкула