БЕЛ Ł РУС

Распрацаваны першы за 50 гадоў антыбіётык супраць смяротнай супербактэрыі

30.05.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Новы прэпарат дзейнічае інакш, чым усе існуючыя лекі, і можа закласці аснову для распрацоўкі новых метадаў лячэння. Кампанія-распрацоўшчык заявіла аб хуткім пачатку выпрабаванняў на людзях.

Засурабалпін (чырвоны) перашкаджае зборцы вонкавай мембраны клеткавай сценкі бактэрыі, што прыводзіць да яе гібелі. Фота: Juan Gaertner / Science Photo Library / Getty Images

Швейцарская фармацэўтычная кампанія Roche разам з навукоўцамі з Гарвардскага ўніверсітэта распрацавала першы за паўстагоддзя антыбіётык, які можа справіцца з Acinetobacter baumannii — устойлівай да лекаў бактэрыяй, якую СААЗ назвала прыярытэтнай пагрозай, а амерыканскія Цэнтры кантролю і прафілактыкі захворванняў — «надзвычайнай небяспекай».

Гэтая антыбіётыкаўстойлівая бактэрыя асабліва небяспечная для шпіталізаваных пацыентаў, бо выклікае цяжкія інфекцыі, такія як пнеўманія і сепсіс. Паводле ацэнак, ад 40 да 60 працэнтаў заражаных — сярод якіх шмат людзей з cаслабленым імунітэтам праз хваробы кшталту рака — паміраюць у выніку заражэння.

Асноўная складанасць у барацьбе з Acinetobacter baumannii — яе двайная клеткавая мембрана, праз якую цяжка прабіцца звычайным антыбіётыкам.

Новы прэпарат, які атрымаў назву засурабалпін (zosurabalpin), працуе інакш: ён уздзейнічае на спецыфічны бялковы механізм, які ў норме забяспечвае фарміраванне вонкавай абалонкі, але пад дзеяннем прэпарата гэты працэс парушаецца.

Такі механізм дзеяння не выкарыстоўваецца ў іншых антыбіётыках, таму прэпарат можа стаць асновай для стварэння цэлага пакалення новых лекаў. У лабараторных умовах і на грызунах засурабалпін паказаў «надзвычай эфектыўны» вынік, паведамляе часопіс Nature.

Кампанія-распрацоўшчык паведаміла, што засурабалпін пераходзіць у трэцюю, фінальную фазу клінічных выпрабаванняў, пачатак якой запланаваны на канец гэтага года або пачатак 2026-га.

У даследаванні прымуць удзел каля 400 пацыентаў з інфекцыяй Acinetobacter baumannii, устойлівай да карбапенемаў (CRAB), якія звычайна выкарыстоўваюцца як апошні сродак пры лячэнні цяжкіх інфекцый. Частка з іх атрымае новы прэпарат, іншыя — лячэнне паводле цяперашняга медыцынскага стандарту.

Мяркуецца, што ў выпадку поспеху прэпарат можа атрымаць дазвол на выкарыстанне да канца дзесяцігоддзя.

Як адзначае The Telegraph, раней фармацэўтычныя кампаніі, у тым ліку Roche, не спяшаліся распрацоўваць новыя антыбіётыкі, бо гэта не прыносіла прыбытку. Такія прэпараты выкарыстоўваюцца рэдка і толькі ў самых цяжкіх выпадках, каб не выклікаць устойлівасці бактэрый. У выніку продажы антыбіётыкаў малыя, а распрацоўка дарагая і працяглая. Таму фірмы аддавалі перавагу лекам, якія прыносяць больш прыбытку.

На сёлетняй Генеральнай Асамблеі ААН сусветныя лідары абвясцілі антымікробную ўстойлівасць адной з самых вострых глабальных пагроз для здароўя чалавецтва. Паводле прагнозаў ААН, калі не будуць прынятыя эфектыўныя меры, ужо да 2050 года антыбіётыкаўстойлівыя інфекцыі могуць забіваць да 10 мільёнаў чалавек штогод і справакаваць глабальны фінансавы крызіс.

Удзельнікі ААН падпісалі спецыяльную дэкларацыю, у якой абавязаліся стварыць незалежныя экспертныя панэлі для маніторынгу праблемы — па прыкладзе тых, што ўжо дзейнічаюць у галіне кліматычных зменаў. Акрамя таго, краіны паставілі перад сабой мэту скараціць колькасць смерцяў, звязаных з антыбіётыкаўстойлівасцю, на 10% да 2030 года.

Новы антыбіётык з незвычайным механізмам дзеяння не толькі дае надзею на лячэнне аднаго з самых небяспечных патагенаў, але і адкрывае шлях да з'яўлення цэлай лініі інавацыйных лекаў. 

Чытайце таксама:

Чалавецтва стаіць на мяжы найсур’ёзнейшага антыбіятычнага крызісу, папярэджвае СААЗ

Штучны інтэлект дапамог навукоўцам стварыць новы антыбіётык супраць вельмі небяспечнай супербактэрыі

Вучоныя стварылі нанаматэрыял, які забівае больш за 99% бактэрый

10 найлепшых натуральных антыбіётыкаў: што гэта за расліны і як яны дзейнічаюць?

Каментары да артыкула